Святлана Алексіевіч: Пасля абвяшчэння Расеяй мабілізацыі, Украіне асабліва патрэбная дапамога Захаду

Нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч падчас візіту ў Літву распавяла пра сваё бачанне вайны ва Украіне і заклікала краіны Захаду дапамагаць украінцам у барацьбе з агрэсіяй Крамля, піша Delfi.

Пісьменніца, нобэлеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч. Фота belsat.eu

Падчас візіту ва ўніверсітэт Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч атрымала рэгаліі ганаровага доктара. Беларуская пісьменніца адказала таксама і на пытанні журналістаў. Асноўныя моманты размовы – гэта вайна ва Украіне.

«Я думаю, што вайна будзе яшчэ даўжэй, і нашая дапамога, дапамога Захаду павінна быць яшчэ большай. Таму што Расея ж – велізарная краіна. Што значыць мабілізацыя? Гэта якая велізарная колькасць людзей. І не відаць, каб у Расеі нешта адбылося, нейкі рэвалюцыйны пераварот, пакуль гэтага не бачна», – сказала Святлана Алексіевіч.

На пытанне, ці спадзяецца пісьменніца, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца, яна адказала, што ў аўтарытарных рэжымаў не атрымаецца «спыніць час».

«Вядома, гэта будзе, яны не змогуць спыніць час. Гэта ім так здаецца, дыктатарам, што яны могуць спыніць час. Час нельга спыніць. Але ў сённяшні момант усё залежыць ад таго, што будзе ва Украіне. Мы ўсе павінныя дапамагаць Украіне, мы павінны перамагчы Пуціна», – сказала Святлана Алексіевіч.

Па словах пісьменніцы, яна не ведае, што трэба зрабіць, каб змянілася і расейскае грамадства, якое з-за прапаганды, якая вядзецца ўжо шмат гадоў, давярае свайму кіраўніцтву.

«Я шмат ездзіла па Расеі. І як быццам спіць народ, як быццам ён перакормлены гэтым тэлебачаннем. Тое, што людзі кажуць, у гэта нават не верыцца. Я памятаю – бамбуюць Харкаў, сціраюць з твару зямлі, а жанчына кажа: так, у мяне там жыве сястра, яе дом разбамбілі, але я ўсё роўна веру ў нашага прэзідэнта», – распавяла Алексіевіч.

Паводле словаў нобэлеўскага лаўрэата, Пуцін цяпер уклаў шмат сродкаў у прапаганду. Народ у выніку пачаў верыць таму, што кажуць з экранаў тэлебачання.

«Частковая ўтылізацыя»: як сацсеткі рэагуюць на навіны з Расеі

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны