Суд над «Чорнай кнігай Беларусі» пачнецца 12 снежня

Завочны працэс у справе «Чорнай кнігі Беларусі» пачнецца ў Менскім гарадскім судзе 12 снежня. Пяцёх абвінавачаных запрашаюць а 10:00 з дакументамі, што сведчыць асобу, гаворыцца на сайце Вярхоўнага суду.

Будынак Менскага гарадскога суда. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая, Валерыя Занямонская і Дзмітрый Навоша абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці, незаконных дзеяннях адносна інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных звестак.

У прыватнасці, іх вінавацяць у тым, што яны не пазней за жнівень 2020 года «аб’ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы», збіралі і размяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю пра прыватнае жыцці і персанальныя звесткі сілавікоў, суддзяў і прапагандыстаў.

Следчы камітэт назваў першыя імёны асобаў, якіх будуць судзіць завочна

Справа расследавалася ў рамках спецыяльнай вытворчасці. Яна дазваляе расследаваць крымінальную справу ў дачыненні абвінавачанага за межамі Беларусі, які ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Згодна з арт. 468-27 КПК, даведацца пра распачатае спецыяльнае вядзенне можна праз сайт Следчага камітэту. Таксама «абвінавачаны лічыцца належным чынам апавешчаным аб правядзенні ў дачыненні яго спецыяльнага вядзення, выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых у справе рашэннях з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі».

Закон аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачванымі, калі тыя застаюцца па-за межамі Беларусі, 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

«Магчыма, да сілавікоў патрапілі звесткі пра ўсіх». Былыя працаўнікі «ЧКБ» і каманда «Infopoint» звярнуліся да беларусаў

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны