Праўладныя Telegram-каналы паведамілі пра затрыманне беларуса за 43 тысячы «экстрэмісцкіх» каментароў. Супраць мужчыны завялі ажно 58 крымінальных справаў. «Белсат» сабраў хроніку рэпрэсіяў за 21 снежня.
Суддзя Заводскага раёну Менску Алена Капцэвіч вынесла прысуд 25-гадоваму палітвязню Арцёму Забелянкову: 2 гады калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў: «Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста». Следства палічыла, што 11 кастрычніка 2020 года на акцыі пратэсту Забелянкоў патрабаваў ад прапагандыста Рыгора Азаронка і аператара Андрэя Іваненкі спыніць відэаздымкі.
Азаронак на судовае пасяджэнне не прыйшоў, але перадаў заяву пра тое, што не мае прэтэнзіяў да хлопца. Іваненка ж прасіў суд не пазбаўляць абвінавачванага волі.
У праўладных Telegram-каналах паведамілі пра затрыманне беларуса за перадачу звестак у «Чорную кнігу Беларусі». Мужчына нібыта раскрыў інфармацыю пра аднакласніка-сілавіка. Затрыманаму таксама паставілі ў віну пагрозы сілавікам у «дэструктыўных Telegram-каналах». Ён быццам бы напісаў 43 тысячы «экстрэмісцкіх» каментароў. Супраць мужчыны завялі 58 крымінальных справаў.
Блогеру Сяргею Чарэшку выставілі абвінавачванне паводле «народнага» артыкулу «Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Як стала вядома праваабаронцам цэнтру «Вясна», мужчына цяпер у СІЗА на Валадарцы. Ягоная жонка Кацярына, якую затрымалі разам з ім, – на волі. Пра іхнае затрыманне паведамлялася 10 лістапада, верагодна, да іх прыйшлі з-за ўдзелу ў пратэстах.
СК за 12 дзён расследаваў «злачынствы» Сцяпана Пуцілы з NEXTA і блогера Яна Рудзіка. На дваіх іх абвінавачваюць паводле 25 пунктаў 21 крымінальнага артыкулу. Сёння Следчы камітэт паведаміў, што следства завершанае, і справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
Дзяржаўнае тэлебачанне паказала сюжэт з першым беларусам, якога асудзілі за намер далучыцца да добраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне. 37-гадовы палітвязень Сяргей Вайцюк распавёў, што ведаў толькі пра адно аб’яднанне ваяроў – полк Каліноўскага і што вырашыў пайсці на вайну «літаральна за адзін дзень». Мужчыну прыгаварылі да 2 гадоў 6 месяцаў калоніі, ён сядзіць у івацэвіцкай калоніі «Воўчыя норы». Ён, як і іншыя палітычныя зняволеныя, пазначаны жоўтай біркай «экстрэміста». На волю ён мусіць выйсці 11 красавіка 2025 года.
Сяргей Крот belsat.eu