За «напад» на Азаронка і яго аператара на маршы палітвязню прысудзілі два гады калоніі

У Менску 21 снежня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 25-гадовага палітзняволенага Арцёма Забелянкова. Падчас удзелу ў «Маршы гонару» 11 кастрычніка 2020 года ён патрабаваў у прапагандыста Рыгора Азаронка і аператара Андрэя Іваненкі спыніць відэаздымку, паведамляюць праваабаронцы.

Рыгор Азаронак у судзе над Вольгай Калацкай. Менск, Беларусь. 23 сакавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Арцёма Забелянкова асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 198 КК («Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»). Ён быў затрыманы ў сярэдзіне ліпеня 2022 года, яго змясцілі ў СІЗА-1.

Паводле версіі абвінавачвання, Забелянкоў удзельнічаў у маршы 11 кастрычніка 2020 года, дзе патрабаваў у аднаго з супрацоўнікаў дзяржканала спыніць здымку, пагражаў гвалтам аператару Андрэю Іваненку і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўніка дзяржканала СТВ Рыгора Азаронка.

Рыгор Азаронак і Андрэй Іваненка выступілі пацярпелымі па справе. Азаронак на суд не з’явіўся, але перадаў заяву, у якой казаў, што не мае прэтэнзіяў да абвінавачанага. Іваненка прасіў на працэсе не пазбаўляць хлопца волі.

Аднак суддзя Алена Капцэвіч прызначыла хлопцу два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны