Святлана Ціханоўская ўшанавала паўстанцаў Каліноўскага

У гадавіну пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская наведала могілкі Росы ў Вільні, дзе пахаваныя героі нацыянальна-вызвольнага паўстання, і выступіла з прамовай.

Урачыстасці ў Вільні з нагоды гадавіны паўстання Каліноўскага. Фота: Франак Вячорка / Telegram

У Вільні з нагоды пачатку паўстання 1863-1864 гадоў адбылася ўрачыстая цырымонія. У Кафедральным саборы літоўскай сталіцы адбылася служба, выступілі палітыкі.

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская наведала могілкі паўстанцаў Каліноўскага ў Росах і выступіла з прамовай.

Урачыстасці ў Вільні з нагоды гадавіны паўстання Каліноўскага. Фота: Франак Вячорка / Telegram

«Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на тэрыторыі Беларусі, ёміста сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі: толькі тады народзе зажывеш шчасліва, калі над табой не будзе чужой улады.

Бо нам, беларусам, не трэба чужога. Проста дайце нам быць гаспадарамі ў сваёй краіне. Мы хочам будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, і імя Кастуся Каліноўскага працягвае натхняць нас у гэтай справе.

У Менску мы з сям’ёй жылі ў раёне вуліцы Каліноўскага і часта там гулялі. Тады мае дзеці былі яшчэ маленькія і не ведалі, чым знакаміты Каліноўскі. Але нядаўна я распавяла старэйшаму гэтую гісторыю – пра тое, як адзін маленькі, але вольны душой чалавек змог запаліць іскру народа, каб паўстаць супраць вялікага зла. Нават калі ён трапіў за краты – ён не здаўся і заставаўся вольным чалавекам. «Ён такі ж, як наш тата!» – сказаў мой сын.

Я думаю, у кожнай беларускай сямʼі ёсць свой Каліноўскі – той, хто дае вам сілы на барацьбу і не дае спыніцца, нават калі здаецца, што ўжо няма надзеі. І нягледзячы на тое, што трагічная гісторыя паўтараецца, і сёння нашыя народы зноў вымушаныя супрацьстаяць вялізнай імперыі, – я ведаю, што мы пераможам. Ведаю, што ўсе мы вернемся дадому. І ведаю, што Беларусь у хуткім часе вернецца ў Еўрапейскую сямʼю, якой належыць гістарычна.

За нашую і вашу свабоду!»

10 фактаў, што варта ведаць пра паўстанне 1863–1864 гадоў

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны