На Гарадзеншчыне за хабары асудзілі кіраўнікоў двух прадпрыемстваў

У Гарадзенскай вобласці суды вынеслі прысуды за хабары кіраўнікам двух прадпрыемстваў – ААТ «Белэнергасувязь» і ААТ «Шчучынаграпрадукт». Пра гэта паведамілі прэс-службы судоў.

Аляксандр Шлыцько. Фота: BelenergoSV / Facebook

Гэтак, суд Ленінскага раёну Горадні вынес прысуды дырэктару і намесніку галоўнага інжынера ААТ «Белэнергасувязі», затрыманых увосень 2022 года. Іх абвінавацілі ў тым, што яны за хабар абяцалі ТАА «Ксорэкс-Сэрвіс» абраць яго пастаўшчыком праграмнага забеспячэння для сістэмаў відэаназірання. Намеснік галоўнага інжынера атрымаў 4200 долараў, а дырэктар – 5800 долараў.

За гэта дырэктару прысудзілі пяць гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, а намесніку галоўнага інжынера – чатыры гады. Таксама ім прызначылі штрафы ў 14 800 і 12 950 рублёў адпаведна. Пры гэтым да іх ужылі амністыю і паменшылі тэрмін пазбаўлення волі на год кожнаму.

Асуджаны дырэктар «Белэнергасувязі» Аляксандр Штыцько ў 2018 годзе атрымаў прэмію «Чалавек справы» ў намінацыі «За паспяховае ўжыванне антыкрызісных тэхналогіяў і метадаў кіравання».

А суд Шчучынскага раёну разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да намесніка дырэктара ААТ «Шчучынаграпрадукт» Аляксандра Чаплюка. Як паведамляецца, ён у 2022 годзе атрымаў 1000 рублёў ад гандлёвага агента ТАА «ЭлітКормБел» за забеспячэнне своечасовай аплаты кармавых дабавак і заявак на іх пастаўкі ў будучыні.

Чаплюку прысудзілі 2,5 гады «хатняй хіміі»са штрафам у 11,1 тыс. рублёў. Амністыя скасавала яму тэрмін на год.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны