Дэлегаты дэмакратычнай Беларусі пачалі працу з сусветнаю супольнасцю, каб тое прызнала Беларусь часова акупаванаю краінай. Адпаведны заклік прагучаў ад Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, якія акупацыю лічаць фактам ды ўпэўненыя, што гэта павінна гучаць як мага часцей ад лідараў іншых краінаў.
Канцэнтрацыю сухаземных войскаў Расеі паказалі спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ля беларускай вёскі Дублін – за 29 кіламетраў ад мяжы з Украінаю. Паблізу беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер каля трох сотняў беларускіх танкаў, заяўляе ўкраінскі бок. Сцягваць туды тэхніку і, магчыма, ваяваць на баку Расеі – не лукашэнкаўская ідэя, упэўненыя ў беларускай апазіцыі.
«Галоўная прыкмета акупацыі – страта кантролю над уласнаю тэрыторыяй. І калі мы канстатуем, што такога кантролю «ўладаў» або рэжыму на сваёй тэрыторыі няма, з нашай тэрыторыі ўзлятаюць ракеты, узлятаюць ваенныя летакі, яны бамбяць суседнюю Украіну… Зразумела, што гэтыя рашэнні прымаліся не ў Менску. Яны прымаліся ў Крамлі», – выказвае пазіцыю НАУ яе прадстаўнік Уладзімір Астапенка.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і Святлана Ціханоўская лічаць неабходным, каб Беларусь прызналі часова акупаванаю краінай, якая страціла частку свайго суверэнітэту.
«Мы бачым дадатковы сэнс у публічным агучванні такога тэзісу і пошуку яго падтрымання, бо гэта дае падставы таксама і міжнароднай супольнасці, і дэмакратычным сілам Беларусі змагацца з акупацыяй на дадатковых падставах ды разлічваць, што такое змаганне прывядзе ў выніку да дэакупавання», – адзначае Уладзімір Астапенка.
Як прызнанне незалежнасці, пытанне прызнання часовай акупацыі – у кампетэнцыі ўладаў краінаў ды міжнародных арганізацыяў. Адная з мэтаў – узняць гэтае пытанне ў Радзе Еўропы і галасаваць за яго ў Радзе Бяспекі ААН. Як чалец арганізацыі Расея можа заблакаваць рашэнне аб Беларусі.
«Сам факт дыскусіі аб удзеле Беларусі ў гэтай ганебнай вайне мае вялікае значэнне. Мы праводзім кансультацыі з суседзямі – Польшчаю, Літвою і Латвіяй – пра магчымую ролю Беларусі. Усіх хвалюе, ці не будзе адкрыты новы фронт, ці не стане Беларусь калідорам для расейскіх войскаў, каб закрыць сувальскі калідор», – кажа Франак Вячорка, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай.
Кансультацыі на тэму ваеннай акупацыі паўднёвай часткі Беларусі можа правесці АБСЕ. Пытанне пра злачынствы супраць чалавечнасці з удзелам беларускіх вайскоўцаў можа быць узнятае таксама Радаю правоў чалавека ААН. Калі Беларусь прызнаюць часова акупаванай.
«Яно патэнцыйна можа вызваліць Беларусь ад адказнасці, ад рэпарацыяў. Калі дойдзе да міжнароднага трыбуналу і ацэнкі стратаў, якія панесла Украіна ў гэтай расейска-ўкраінскай вайне», – тлумачыць Франак Вячорка.
Але гэта не пазбавіць ад адказнасці вайскоўцаў, тых, хто аддаваў і выконваў загады, хто працуе на забеспячэнне тылу краіны-агрэсара, адмывае танкі, як гэта робяць салдаты тэрміновай службы каля Гомля. Але ёсць і беларусы, якія змагаюцца супраць акупацыі ды забеспячэння расейскага войска. На заклік аб’яднання былых беларускіх сілавікоў – «ByPol» – партызаны сістэматычна парушаюць працу чыгункі, якою ідуць ваенныя эшалоны.
«У выніку быў парушаны трафік руху цягнікоў, у тым ліку ваеннага прызначэння. У парадку інфармавання паведамляем, што кошт кожнай знішчанай удзельнікамі «Перамогі» рэлейнай шафы складае каля $ 50 тысячаў, а рамонтных камплектаў для іх у Беларусі засталіся адзінкі», – кажа прадстаўнік «ByPol» Аляксандр Азараў.
«ByPol» падкрэслівае, што акцыі не стварылі пагрозы для цывільных беларусаў, а паказаныя на дзяржаўным ТБ затрыманні партызанаў называе пераважна пастановачнымі.
Рэйкавая вайна – таксама прыкмета акупацыі, падкрэсліваюць у апазіцыі. Але ёсць адзін момант: паводле апытанняў Офісу Ціханоўскай, беларусы пакуль не ўсведамляюць, што яны пад акупацыяй. Большасць не ведае, што з тэрыторыі Беларусі абстрэльваюць Украіну.
Юлія Цяльпук, «Белсат»