У Хатыні Лукашэнка распавёў пра Мачулішчы, «жудасных бэчэбэшнікаў» і тэракты

Падчас наведвання Хатыні Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі распавёў пра падрыў расейскага самалёта ў Мачулішчах, эканоміку і вайну ва Украіне, піша ягоная прэсавая служба.

Лукашэнка ў Хатыні. Фота: president.gov.by

Падрыў расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах у дзяржаўных медыях надалей называюць спробай дыверсіі. Каментуючы гэтую падзею, Лукашэнка заклікаў беларусаў згуртавацца і праяўляць пільнасць.

«Спробы тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Беларусі – для нас гэта ў навінку. Мы таксама гэтага не тое, што не чакалі. Якраз чакалі. І я ў тым ліку, і вайскоўцы. Але нам падаецца гэта неверагодным. Чаго б я хацеў: каб народ неяк згуртаваўся. Людзі бачаць усё. Вы падкажыце своечасова нам: нейкі чужы чалавек, нейкі ў парыку, і іншае… Проста дайце нам сігнал», – сказаў Лукашэнка.

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі завіў, што спецслужбы добра спрацавалі пасля гэтай дыверсіі. Лукашэнка заявіў, што нібыта на працягу пяці дзён сілавікі выявілі і затрымалі датычных да выбуху. У такіх сітуацыях для сілавікоў важная дапамога грамадзянаў.

«Я не гавару аб тым, што трэба «накапаць» на кагосьці, закласці, абылгаць. Не. Трэба быць вельмі акуратнымі. Ну хіба гэты чалавек, які нават парыком і грымам не ўмее карыстацца, нос нейкі там начапіў. Ён проста разумеў, што яго камеры зафіксуюць. Фіксавалі. Мы яго ўбачылі, па-мойму, яшчэ ў Магілёве і некалькі дзён вялі па Беларусі. Бачылі ўсе яго замашкі і іншае. Шчыра кажучы, не ўмее ён карыстацца грымам і парыкамі. Але людзі нас інфармавалі на гэты выпадак. Акрамя гэтых мярзотнікаў, якія на кватэру ўзялі. Яны цяпер там сядзяць у засценках, мы з імі працуем. Гэта жудасныя бэчэбэшнікі. Чаму так адбываецца, што ўсе тэрарысты асядаюць у гэтых кватэрах? І яны «ні пры чым», яны «нічога не ведаюць», – заявіў Лукашэнка.

Брытанская выведка распавяла пра пашкоджанні расейскага самалёта А-50

Таксама Лукашэнка згадаў 2020 год.

«Нам разнявольвацца не трэба. Так, мы перамаглі ў 2020 годзе, бог нам дапамог. Мы да гэтага не рыхтаваліся. Думалі: хіба ў нас на гэтай святой зямлі нешта падобнае можа адбыцца? Адбылося. Паўтарылася ў Расеі. Але досвед яны ўжо наш вывучылі і спынілі гэта ў зародку. Ні ў якім разе ні нам, ні расейцам нельга разнявольвацца. Гэта галоўнае цяпер», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Самаабвешчаны кіраўнік краіны таксама пераконвае, што цяпер у Беларусі рыхтуюць чарговыя правакацыі.

«Яны [на Захадзе. – Заўв. рэд.] ужо адказаць нічым не могуць. Ведаеце, арыштавалі там украінцаў і беларусаў: «О цуды! На Расею працавалі». Украінцы, беларусы і іншыя. Але ніхто нічога не даказвае, ніхто нічога не паказвае, што ж гэта за людзі, якія працавалі на Расею. Шпіёнамі абвесцілі. Усё проста: хочуць абмяняць. Хапаюць людзей, каб прапанаваць Расеі ці Беларусі абмен на кагосьці. Ужо прапаноўвалі», – заявіў ён.

Ці зможа Расея аднавіць пашкоджаны самалёт А-50? Спыталі ў вайсковага эксперта

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны