Пачынаецца суд над палітвязнем Эдуардам Бабарыкам

У Менскім абласным судзе на выязным судовым паседжанні ў памяшканні суда Менскага раёну 22 траўня пачнецца працэс над Эдуардам Бабарыкам, сынам былога банкіра і прэтэндэнта на прэзідэнцтва, палітзняволенага Віктара Бабарыкі. Эдуарду пагражае да 20 гадоў зняволення.

Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года. Фота: belta.by

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ва ўхіленні ад выплаты падаткаў; легалізацыі («адмыванні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам; дапамозе ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці.

Эдуард Бабарыка ў судзе 22 траўня 2023 года. Фота: belta.by

Эдуарда трымаюць пад вартай без суда ўжо амаль тры гады – ён быў затрыманы разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю. У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ, а пасля, у канцы лістапада 2021-га, з’явілася інфармацыя аб пераводзе Эдуарда ў СІЗА № 1.

Палітвязень рэкордны час застаецца у зняволенні без суда. Скаргаў на незаконнасць падаўжэння тэрміну ўтрымання пад вартай не задавальняюць.

Эдуард скончыў БДЭУ паводле спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне прадпрыемствамі». Кіраваў краўдфандынгавай платформай «Ulej» і фандрэйзінгавай платформай «MolaMola», захапляецца верхавой яздой і дайвінгам. У следчым ізалятары Эдуард займаецца ёгай, чытае, вучыцца маляваць і гуляць у шахматы, як паведамлялі раней праваабаронцы.

Эдуард Бабарыка: два гады ў палоне

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны