Парламенцкая Асамблея NATO прызнала рэжым у РФ тэрарыстычным

Парламенцкая асамблея NATO запэўніла Украіну ў «непахісным» падтрыманні і звярнулася да лідараў Альянсу з просьбай як мага хутчэй паставіць знішчальнікі і іншую вайсковую тэхніку, якая неабходная Кіеву. Парламентары таксама прызналі расейскую дзяржаву пры існым рэжыме тэрарыстычнай.

Сцягі краінаў NATO. Фота: NATOpress / twitter

Парламенцкая асамблея NATO, якая аб’ядноўвае парламентароў усіх 31 краін-сябраў Альянсу, прыняла агульную дэкларацыю. Прадстаўнікі Альянсу перадусім пацвердзілі, што Украіна ў перспектыве стане сябрам NATO. Цяпер жа Альянс будзе падтрымліваць Кіеў у вайне супраць расейскай агрэсіі.

Прадстаўнікі NATO заяўляюць, што сёння «Украіна праз мужны супраціў расейскай агрэсіі абараняе нашую агульную бяспеку».

Парламентары таксама адзінагалосна прынялі дэкларацыю польскага дэпутат Міхал Шчэрба, у якой гучыць заклік прызнаць расейскую групоўку наймітаў «Вагнэр» «злачыннай і тэрарыстычнай арганізацыяй».

Агулам таксама прадстаўнікі Альянсу прызналі, што «расейская дзяржава пры існым рэжыме з’яўляецца тэрарыстычнай». Асамблея заклікала лідараў краінаў NATO «пашырыць маштабныя, паралізуючыя і працяглыя санкцыі на столькі, колькі спатрэбіцца, пакуль Расея не выведзе ўсе свае войскі з усёй тэрыторыі Украіны».

NATO выказала рашучасць прыцягнуць расейскі рэжым і «яго суагрэсараў у рэжыме Беларусі» да адказнасці «за злачынства агрэсіі, ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і магчымыя акты генацыду, учыненыя ва Украіне».

«F-16» – што за самалёты чакае Украіна і дзе можа іх выкарыстаць?

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны