«Казалі пра адсутнасць працы і грошай». У Польшчы пракаментавалі скандал з беларусамі, якіх не пускалі праз мяжу

«Белсат» атрымаў адказ Надбужанскага аддзелу Памежнай службы Польшчы, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, на просьбу пракаментаваць гісторыю з беларусамі, якіх прапусцілі праз мяжу толькі з другой спробы. Паводле версіі ведамства, на першым кантролі беларусы казалі пра адсутнасць працы ды грошай і ніяк не згадвалі абставінаў, што датычаць міжнароднай абароны.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Інцыдэнт з беларусамі, якіх не хацелі прапускаць у Тэрэспалі, здарыўся ў канцы сакавіка. Юрыст Міхаіл Куцко, прадстаўнік сужэнцаў, сцвярджаў, што яны ўцякалі ад пераследу за ахвяраванні «BYSOL» і прасілі ў польскіх памежнікаў міжнародную абарону. Нягледзячы на гэта, уезд беларусам забаранілі. Праз содні яны паўторна з’явіліся на кантроль, і з другой спробы ўцекачоў пусцілі.

Афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай службы Польшчы, што кіруе пунктам пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі ў каментары «Белсату» адзначыў, што заявы аб абароне на тэрыторыі Польшчы памежнікі прымаюць ад любога замежніка, які выразна пра гэта заяўляе і выказвае гатовасць падаць адпаведную заяву.

«Аднак такая заява не можа ўтрымлівацца ў адным слове або сказе, як гэта можна пачуць на відэа», – падкрэсліў Сеніцкі.

Гаворка пра відэа, што беларусы здымалі на памежным пераходзе. На запісе чуваць словы: «Мы адсюль нікуды не паедзем, мы хочам падацца на міжнародную абарону».

Польскія памежнікі, якія забаранілі ўезд беларусам. Тэрэспаль, Польшча. 23 красавіка 2023 года. Фота: Белсат

Першую спробу мінуць мяжу беларусы здзейснілі ўвечары 22 красавіка.

«Грамадзяне Беларусі пры першай спробе заехаць у Польшчу ў якасці прычыны свайго прыезду называлі толькі прычыны эканамічнага характару, гаворачы, перш за ўсё, пра адсутнасць працы і грошай у краіне паходжання. Яны не спасылаліся ні на якія абставіны, прадугледжаныя Жэнеўскаю канвенцыяй», – сцвярджае прадстаўнік Памежнай службы Польшчы.

Праз содні, увечары 23 красавіка, сужэнцы паўторна з’явіліся на кантролі ў Тэрэспалі.

«На гэты раз яны ўжо выразна заявілі пра мэту свайго прыбыцця. Яны выказалі жаданне падаць заяву аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы. Адпаведная заява ад іх была прынятая», – паведаміў Дар’юш Сеніцкі.

Сеніцкі таксама патлумачыў, чаму да беларусаў не пусцілі юрыста: «Не было даверанасці, і замежнікі не выказалі жадання, каб адвакат прысутнічаў пры прыняцці заявы».

Польскія памежнікі не пусцілі двух беларусаў, якія папрасілі міжнароднай абароны

Прадстаўнік беларусаў Міхаіл Куцко пракаментаваў версію памежнікаў. Ён звярнуў увагу на тое, што пры першай спробе сужэнцаў пратрымалі на мяжы 8 гадзінаў, пасля чаго выправілі назад на тэрыторыю Беларусі:

«Калі людзі прыехалі, сказалі, што хочуць працаваць у Польшчы, рашэнне мусіць быць: у вас няма візы – да пабачэння. А іх трымалі восем гадзінаў. Восем гадзінаў яны не маглі разабрацца з прычынамі, пра якія было заяўлена, каб у гэтай сітуацыі прызнаць іхнае перабыванне неабгрунтаваным?»

Да таго ж на памежны пункт не запрасілі перакладчыка, каб беларусы маглі добра растлумачыць сваю сітуацыю.

«Як асобе, якае не ведае польскай мовы, якая ўпершыню прыехала ў Польшчу, растлумачвацца, даваць нейкія падрабязнасці адносна сваёй заявы?» – заўважае юрыст.

Уцекачы месяц таму падалі ў Варшаве ўсе неабходныя дакументы на атрыманне міжнароднай абароны, цяпер чакаюць рашэння польскіх уладаў.

Беларусаў, якія не маглі трапіць у Польшчу па міжнародную абарону, прынялі ў польскім пункце пропуску

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны