Украіна можа атрымаць першыя выплаты з замарожаных расейскіх актываў у ліпені

Украіна можа атрымаць першыя выплаты даходаў ад замарожаных на Захадзе расейскіх актываў у ліпені 2024 года. Пра гэта паведамляе Еўрапейская камісія.

Долары ЗША і еўры. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года. Фота: Белсат

Сродкі будуць выплачвацца Украіне раз на два гады.

«ЕЗ абраў шлях, які ёсць юрыдычна абгрунтаваным і гнуткім, каб падтрыманне магло быць адаптаванае да самых надзённых патрэбаў Украіны. Хуткасць усё яшчэ важная, і камісія працягне прыкладаць усе намаганні, каб першая выплата была здзейсненая ўжо ў ліпені», – сказаў выканаўчы віцэ-прэзідэнт у справах эканомікі Еўракамісіі Валдыс Дамброўскіс.

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны заходнія краіны забаранілі любыя аперацыі, звязаныя з актывамі і рэзервамі Цэнтральнага банку Расеі.

«У выніку 260 млрд еўраў актываў Цэнтральнага банку Расеі ва ўсім свеце сталі “імабілізаванымі”, прычым больш за дзве траціны з іх размешчаныя ў ЕЗ (каля 210 млрд еўраў). У залежнасці ад адсоткавых ставак, даходы ад гэтых імабілізаваных актываў могуць прыносіць Украіне каля 2,5-3 млрд еўраў на год», – адзначае прэс-служба Еўрапейскай камісіі.

З пастановы Еўрапейскай камісіі вынікае, што Украіна будзе атрымліваць даходы ад замарожаных актываў, а не самі заблакаваныя сродкі. 90 % будзе паступаць у Еўрапейскі фонд міру, з якога фінансуецца абаронная дапамога Украіне, а 10 % пойдзе на фінансаванне бюджэтных праграмаў ЕЗ. Размеркаванне плануецца пераглядаць штогод.

Замарожаныя расейскія актывы: ці наважыцца Захад аддаць грошы Украіне?

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату