Без мяне мяне ажанілі. Палітык Сяргей Чэрачэнь можа паняволі стацца адзіным кандыдатам ад апазіцыі

Старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачэнь абвесціў пра планы вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца ў 2025 годзе. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі не выключае, што палітыка сапраўды зарэгіструюць, і гэтым скарыстаюцца дэмакратычныя цэнтры за мяжою.

Сяргей Чэрачэнь у тэлестудыі на запісе прамовы перад выбарамі 2020 года. Фота: cherechen.by

Кіраўнік партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», бізнесовец і ўдзельнік прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Сяргей Чэрачэнь заявіў, што вылучыць сваю кандыдатуру і ў наступную кампанію, якая мае адбыцца ў 2025-м.

«Асабіста ў мяне захоўваюцца жаданне і сілы вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Я і мая каманда шмат часу і сілаў выдаткавалі на тое, каб рэпрэзентаваць інтарэсы нашых выбарнікаў на палітычным полі», – сказаў палітык у інтэрв’ю «Народнай волі».

Палітык адзначыў, што «гуляе паводле пэўных правілаў, бо ў нашай краіне маюцца чырвоныя лініі, асабліва пасла 2020 года, якія пераходзіць нельга»:

«Усе мы выдатна разумеем: калі б я выказваў погляд, якіх прытрымліваюцца нашыя калегі, якія з’ехалі на Захад, то ўжо даўно сядзеў бы ў турме. Або давялося б зʼязджаць за мяжу ў багажніку машыны. Але гэта не гаворыць пра тое, што я пры ўсёй маёй асцярожнасці не рэпрэзентую інтарэсаў сваіх людзей».

Збор подпісаў за Сяргея Чэрачня на выбарах 2020 года. Фота: cherechen.by

Чэрачэнь пры гэтым прызнаў, што браць удзел цяпер у палітычным жыцці – справа безнадзейная:

«Ясна, што на гэты момант ніякіх перспектываў няма, але я кажу пра доўгатэрміновую перспектыву. Спадзяюся, што перамены ў краіне некалі будуць. Гэта пытанне часу. І да гэтага трэба рыхтавацца. Калі апусціць рукі цяпер, то хто будзе весці за руку новых хлопцаў, у якіх шмат ініцыятываў? Калі ўсе зʼедуць з краіны, то дакладна нічога добрага не будзе».

«Я гуляю паводле пэўных правілаў». Чэрачэнь ізноў плануе вылучацца на прэзідэнцкія выбары

«Зачышчаецца нават кволае іншадумства»

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў размове з «Белсатам» адзначыў: рэалізацыя планаў Чэрачня залежыць не ад яго, а ад уладаў.

«Не выключана, што ўлады ўсё-ткі захочуць трошкі дадаць фарбаў у такую шэрую, брутальную выбарчую кампанію, з дазволу сказаць, бо выбарамі гэта можна толькі ў двукоссі называць, і паспрабуюць зладзіць нейкую гульню, імітацыю: маўляў, у нас людзі з рознымі поглядамі», – сказаў Класкоўскі.

Каля аднаго з выбарчых участкаў падчас асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

З іншага боку, нават стрыманую апазіцыйнасць Чэрачня могуць палічыць празмернаю:

«І да 2020 года ў Чэрачня была рэпутацыя вельмі памяркоўнага палітыка, у цяперашніх умовах наўрад ці ён збіраецца радыкалізаваць свае лозунгі, аднак улады, імаверна, у сённяшняй сітуацыі нават такую ўмераную апазіцыйнасць могуць палічыць празмернаю, непатрэбнаю. Цяпер усё ідзе ў кірунку таталітарызацыі палітычнага жыцця ў Беларусі, і зачышчаецца любая альтэрнатыва, любое, нават кволае нейкае, іншадумства».

Спарынг-партнёр Качанавай

Суразмоўца «Белсату» заўважае: у бюлетэнях не можа быць адзінюткі Лукашэнка, таму нейкіх «канкурэнтаў» трэба знайсці.

«Натуральна, ці Лукашэнку, ці, калі ўявіць сабе, Качанавай спатрэбяцца нейкія спарынг-партнёры. На гэтую ролю будуць кандыдатаў падшукваць. Нейкае поле для гульні патэнцыйна ёсць. Аднак таму ж Чэрачню або іншаму кандыдату, які згодзіцца гуляць паводле правілаў уладаў, давядзецца вельмі прыглушаць танальнасць сваіх выказванняў, бо за любую крытыку ўладаў можна атрымаць ярлык экстрэміста і крымінальны артыкул», – канстатаваў Класкоўскі.

Без участкаў за мяжой і без парогу яўкі. Кіраўнік ЦВК распавёў, як цяпер будуць праводзіць выбары

Хрэн за рэдзьку не саладзейшы?

Аналітык назваў вялікаю праблемаю для дэмакратычных сілаў распрацоўванне стратэгіі для выбараў, што маюць адбыцца налета і ў 2025 годзе. Нешта прапаноўваць трэба, хоць і галасоў не лічаць, і амаль няма ўплыву на сітуацыю ўнутры Беларусі. Адзін з варыянтаў – тактыка «Разумнага галасавання», што ўжывалася на выбарах у Расеі на прапанову структураў апазіцыянера Аляксея Навальнага.

«Прыхільнікі Навальнага ў нейкіх акругах заклікалі галасаваць за камуністаў, а не за «Единую Россию», але ж і КПРФ таксама скача пад дудку расейскіх уладаў, многія камуністы падтрымоўваюць імперскую агрэсіўную палітыку Крамля, таму тут, ведаеце, хрэн за рэдзьку не саладзейшы. Дапускаю, што такая тактыка можа быць на выбарах у Беларусі, калі дэмакратычныя сілы будуць заклікаць галасаваць хаця б за ўмоўна трошкі лепшых кандыдатаў, аднак не ўпэўнены, што гэта дасць нейкі вялікі плён», – кажа Класкоўскі.

Выбары-2024: улады Беларусі ўжо іх плануюць, а чаго чакаць беларусам? Тлумачыць Класкоўскі

Капітальная падстава

Сам Чэрачэнь, якога могуць «прызначыць» адзіным годным кандыдатам, будзе не ў захапленні ад гэтай ролі, мяркуе аналітык:

«Гэта ж кляймо. Скажуць: ага, калі цябе «збеглая пятая калона» падтрымоўвае, значыцца, ты таксама вораг. Тут вялікае пытанне, як на гэта можа адрэагаваць сам такі кандыдат. Ён можа палічыць, што гэта капітальная падстава, і пачаць крытычна выказвацца на адрас «збеглых».

Пры гэтым на найбліжэйшых выбарах 2024 года мэты цяперашніх уладаў відавочныя: «цалкам лаяльны парламент, калі яго можна называць парламентам, цалкам лаяльны Усебеларускі народны сход».

«Натуральна, або не прапусцяць кандыдатаў, якія будуць здавацца нядобранадзейнымі, або будуць нейкія закулісныя дамовы: вы цалкам гуляеце ў нашую гульню і толькі імітуеце нейкія нюансы ў сваіх пазіцыях», – рэзюмаваў Аляксандр Класкоўскі.

Будучыня Беларусі: што і як можа яе змяніць? Чатыры сцэнары ад экспертаў

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны