Парламенцкая асамблея Рады Еўропы падтрымала ўступленне Украіны ў NATO
2023.06.23 00:14
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю пад назвай «Палітычныя наступствы агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны», у якой сярод іншага поўнасцю падтрымала мірны план Зяленскага, заклікала да стварэння міжнароднага трыбуналу над Расейскай Федэрацыяй, а таксама прызнала Расею вінаватай у ваенным злачынстве экацыду ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: euneighbours.eu
Народная дэпутатка ад партыі «Слуга народу» і кіраўніца ўкраінскай дэлегацыі Марыя Мезенцава ў сябе ў сацсетках пералічвае 13 пунктаў гэтай рэзалюцыі:
уступленне Украіны ў NATO;
працяг і павелічэнне грамадзянскай і вайсковай дапамогі, у прыватнасці шляхам рээкспарту ўласных тавараў;
фармаванне стратэгічнай еўрапейскай эканамічнай аўтаноміі ад нафты і газу з Расеі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці асноўнага інструменту шантажу Еўропы;
стварэнне стратэгічнай эканамічнай аўтаноміі ад расейскіх газу і нафты, якімі Масква імкнецца пашырыць імперыялістычную геапалітычную мэту;
захады для папярэджання перапродажу расейскіх карысных выкапняў у Еўропу праз трэція краіны;
пашырэнне спісу асобаў з РФ, Беларусі і іншых дзяржаў, на якіх могуць быць накладзеныя санкцыі;
увядзенне асноўных катэгорыяў для асаблівага назірання за спробамі ўхілення агрэсара ад абмежаванняў;
стварэнне гарманізаванага механізму з мэтай маніторынгу выканання санкцыяў і адсочвання парушэнняў, у тым ліку перапродаж тавараў з дапамогай трэціх краінаў;
стварэнне публічнага рэестру кампаніяў і асобаў, якія працуюць на карысць Расеі, у тым ліку дапамагаюць ёй абыходзіць санкцыі;
прызнанне ПВК Вагнэра, Атраду Кадырава і іншых фармаванняў, якія ваююць супраць Украіны, тэрарыстычнымі групоўкамі;
прызнанне расейскага рэжыму такім, што кіруецца небяспечнай ідэалогіяй рашызму, якая складаецца з сотняў прыкладаў ваенных злачынстваў і наўпрост прапагандуе генацыд;
заснаванне галіны навукі для вывучэння расейскай каланіяльнай палітыкі і варожых практык РФ, накіраваных на вядзенне імперыялістычнай палітыкі;
прызнанне РФ вінаватай у ваенным злачынстве экацыду ў выніку падрыву Кахоўскай ГЭС у імкненні прыпыніць контрнаступленне.
Нагадаем, мірны план быў прадстаўлены ўкраінскім прэзідэнтам на саміце Вялікай дваццаткі ў лістападзе 2022 года. Ён складаецца з 10 пунктаў і сярод іншага ўключае ў сябе вывад расейскіх войскаў з тэрыторыі Украіны і кампенсацыю стратаў.