Могуць падаражэць «Кока-кола» «Фанта», чыпсы і попкорн. Бюджэту патрэбныя грошы

Напоўніць бюджэт і адначасова прастымуляваць беларусаў адмовіцца ад шкодных прадуктаў прапануе Камітэт дзяржаўнага кантролю. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sergei Savostyanov/TASS/Forum

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) заклапаціўся тым, што ў апошнія гады беларусы сталі плаціць менш падаткаў на спажыванне, да ліку якіх адносяцца, у тым ліку і акцызы. Гэта вынікае з заключэння КДК аб выкананні бюджэту за 2023 год, тэкст якога апынуўся ў нас у руках, дзякуючы супрацы з «BELPOL».  Зніжэнне колькасці падаткаў дрэнна ўплывае на устойлівасць даходаў бюджэту, адзначаюць чыноўнікі.

Каб выправіць гэтую прыкрую памылку ведамства прапануе «прыняць унутрыдзяржаўныя меры», а менавіта ўвесці новыя акцызы. Пачаць, на думку аўтараў ідэі, варта з шкодных напояў з высокім утрыманнем цукру – «Кока-колы», «Фанты», а затым перайсці да папкорну, чыпсаў, маргарыну і далей.

«Цяпер попыт на такую прадукцыю з’яўляецца стабільна высокім, – адзначае КДК. – Рознічны тавараабарот безалкагольных напояў (як вырабленых у Рэспубліцы Беларусь, так і ўвезеных з-за яе межаў) у 2022 годзе склаў 1 402,5 млн рублёў, або 2,1 % усяго абʼёму рознічнага тавараабароту».

У агульным аб’ёме вытворчасці безалкагольных напояў доля вытворчасці напояў з даданнем цукру або іншых падсалоджваючых рэчываў складае парадку 22,2%, адзначае КДК.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Maksim Konstantinov / Russian Look / Forum

Па падліках ведамства, грошай атрымаецца атрымаць больш нават у тым выпадку, калі людзі стануць у разы менш купляць такіх тавараў з-за павелічэння цаны.

«З іншага боку, рост цаны на гэтыя напоі дазволіць рэгуляваць іх спажыванне насельніцтвам (у тым ліку сярод дзяцей) у мэтах зніжэння рызык захворвання хваробамі, выкліканымі празмерным спажываннем цукру», – працягвае КДК.

Новаўвядзенне дазволіць вырашыць яшчэ адну дзяржаўную задачу, разважаюць у КДК – прастымуляваць вытворцаў вырабляць напоі з меншым утрыманнем цукру.

«У далейшым на падставе вопыту збірання акцызаў у дачыненні да газаваных напояў з высокім утрыманнем цукру прапануецца разгледзець пытанне аб пашырэнні пераліку падакцызных тавараў за кошт іншых “шкодных” прадуктаў (напрыклад, чыпсы, папкорн, маргарын і г.д.)», – піша КДК.

Згодна з дакументам, у 2023 годзе ўсе даходы бюджэту склалі 39 млрд 585 млн рублёў. З іх 4 млрд 68 млн рублёў ці крыху больш за 10% – акцызы. Іх выйшла на 846 млн або на 26,2% больш, чым у 2022 годзе.

Большая частка акцызных паступленняў – ад тытунёвых вырабаў (68,8 %), на другім месцы гарэлка, лікёра-гарэлачныя вырабы і спірт (23,1 %), а за імі аўтамабільнае паліва (16,2 %).

Статус сацыяльнай дзяржавы пад пагрозай? Чыноўнікі прызнаюць, што доля сацыяльных выдаткаў зніжаецца

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны