Лукашэнка паляцеў у Расею на перамовы з Пуціным

Увечары 22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Маскву, паведамляе тэлеграм-канал «Пул первого».

Аляксандр Лукашэнка ўвечары 22 ліпеня прыляцеў у Маскву. Фота: Пул первого/Telegram

У нядзелю 23 ліпеня Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным. Яны плануюць абмеркаваць пытанні бяспекі, санкцыі і саюзныя праграмы. Раней Лукашэнка казаў, што плануе перамовы з Пуціным па тэме ПВК Вагнэра.

Паводле прэс-службы Крамлю, на перамовах «будзе працягнутае абмеркаванне актуальных пытанняў далейшага развіцця расейска-беларускіх дачыненняў стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва, а таксама інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Паводле тэлеграм-каналу «Пул первого», абмяркоўвацца, сярод іншага, будзе «супрацьстаянне незаконнаму санкцыйнаму ціску і шмат іншага».

Гэта ўжо пяты візіт Лукашэнкі да Пуціна за 2023 год. Лукашэнка быў у Расеі 17 лютага, 5 красавіка, 9 траўня і 24 траўня. Агулам з 2010 года Лукашэнка афіцыйна наведаў Расею 126 разоў.

Пуцін апошні раз прылятаў у Беларусь 19 снежня 2022 года, а перад гэтым толькі ўлетку 2019 года.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны