Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні 22 жніўня паведаміў, што даручыў стварыць у Беларусі адзіны нацыянальны фонд пад яго ўпраўленнем, які будзе займацца дабрачыннасцю. Верагодна, фонд будзе насіць яго імя. Аб гэтым ён заявіў прадстаўляючы новага кіраўніка спраў прэзідэнта Юрыя Назарава.
«Ведаю, што шмат якія фонды і фондыкі з Беларусі сышлі, а некаторых мы проста прыбралі, таму што вы ведаеце, чым яны займаліся – на замежныя грошы здзяйснялі перавароты, спрабавалі здзейсніць. Таму мы калі вывучылі працу гэтых фондаў ды іншае, мы вымушаныя былі ад іх адмовіцца. Я не хаваю, што былому кіраўніку спраў даручыў стварыць пад імем, ну скажам так, пад дахам прэзідэнта адзіны нацыянальны фонд», – заявіў Лукашэнка.
На яго думку, людзей, якія шчыра хочуць займацца дабрачыннасцю, гэты фонд прыцягне, таму што «ніводная капейка з яго налева-направа не пойдзе, а будзе выкарыстана на высакародныя мэты».
Хваля зачысткі недзяржаўных арганізацый і дабрачынных фондаў пачалася ў ліпені мінулага, але некаторыя арганізацыі былі ліквідаваны яшчэ да гэтага. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на кастрычнік мінулага года ў Беларусі было ліквідавана мінімум 275 арганізацый грамадзянскай супольнасці, аднак ліквідацыя некаторых працягваецца да гэтага часу.
Алена Рувіна belsat.eu