Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас апошняга відэазвароту быў адзеты ў кашулю з вышыванкай, якую стварыла беларуская мастачка Руфіна Базлова. Гэта заўважыла сама мастачка.
«Але вы толькі паглядзіце на кашулю! Нечакана для мяне сам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў маёй «выжыванцы», – напісала Руфіна Базлова ў Instagram.
Мастачка стварыла гэтую вышыванку пасля пачатку вайны на знак салідарнасці з Украінай, а кашулю з «выжыванкай» Базловай пашылі ва ўкраінскай майстэрні «Indposhiv». Значная частка ад продажу кашуляў ідзе на падтрыманне ўкраінскага войска.
Руфіна Базлова вышывае ў народным стылі з 2020 года. Матывы ейных вышыванак – пратэстоўцы з бел-чырвона-белымі сцягамі, «дыджэі пераменаў», палітвязні, аўтазакі, амапаўцы.
Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце ўвечары 21 жніўня казаў пра тое, што калі расейцы зладзяць у Марыупалі «абсурднае судзілішча» над абаронцамі гэтага гораду, то гэта стане мяжой, за якой мірныя перамовы з імі будуць ужо не магчымыя.
Зміцер Міраш belsat.eu