Пуцін зняў генерала Суравікіна з пасады

Уладзімір Пуцін вызваліў з пасады галоўнакамандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі Расеі генерала Сяргея Суравікіна.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін узганагароджвае ордэнам Святога Георгія III ступені Сяргея Суравікіна. Фота: kremlin.ru

Паведамленне аб гэтым з’явілася ў тэлеграм-канале былога галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венядзіктава.

«Суравікін – вызваліць ад пасады камандуючага ПКС, пакінуць у распараджэнні міністэрства абароны (указ)», – цытуе Венядзіктаў указ, які пакуль яшчэ не апублікаваны на афіцыйных старонках расейскіх ведамстваў.

Такія ж звесткі падаюць і іншыя расейскія прапагандысцкія тэлеграм-каналы.

Суравікін займаў пасаду камандуючага Паветрана-касмічнымі сіламі з 31 кастрычніка 2017 года. З 8 кастрычніка 2022 года па 11 студзеня 2023 года генерал быў камандуючым Аб’яднанай групоўкай расейскіх войскаў ва Украіне, а пасля перайшоў на пасаду намесніка камандуючага.

У чэрвені 2023 года, пасля так званага «мяцяжу Прыгожына», Сяргей Суравікін быў затрыманы за тое, што, верагодна, быў адным з тых, хто ведаў а будучым мяцяжу і падтрымліваў яго. З той пары Суравікін нідзе не з’яўляўся публічна.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны