У беларускім заканадаўстве ўзнік кур’ёз: Міністэрства аховы здароўя скасавала ранейшую сваю пастанову аб спісе хваробаў, якія перашкаджаюць працы з дзяржаўнымі сакрэтамі, а новай не апублікавала. Пры гэтым Савет Міністраў мае падобны спіс хваробаў, але ён тычыцца толькі дзяржаўных службоўцаў.
Пастанову аб скасаванні ранейшай пастановы Мінздароўя апублікавалі 22 жніўня, яна набудзе моц 23 кастрычніка 2023 года. На гэты момант новай аналагічнай пастановы не з’явілася. Старая пастанова забараняла доступ да дзяржаўных сакрэтаў хворым на доўгі шэраг псіхічных разладаў і хваробаў, ад хваробы Альцгаймэра і абсэсіўна-кампульсійнага разладу да шызафрэніі і эпілепсіі (за выключэннем дэпрэсіўных эпізодаў лёгкай і сярэдняй ступені – з імі было можна).
Той спіс уводзілі са спасылкаю на пункт 37 закону «Аб дзяржаўных сакрэтах» – закон кажа аб падставах для адмовы ў даванні грамадзянам доступу да дзяржаўных сакрэтаў. Таксама існуе (і не скасаваны) такі самы спіс хваробаў, які Савет Міністраў распрацаваў адносна доступу да сакрэтаў дзяржаўных службоўцаў са спасылкаю на закон «Аб дзяржаўнай службе».
Калі да 23 кастрычніка не будуць прынятыя і не набудуць моцы іншыя пастановы ці законы, якія тычацца псіхічных хваробаў і дзяржаўных сакрэтаў, то акажацца, што псіхічнахворым чыноўнікам па-ранейшаму нельга давяраць дзяржаўных сакрэтаў, але калі чалавек не на дзяржаўнай службе, то можна.
Прэс-служба Міністэрства аховы здароўя на момант публікацыі не адказвае на тэлефанаванні.
Алесь Наваборскі belsat.eu