Беларускі трэнер вывеў сваю каманду ў пераможцы чэмпіянату Казахстану па футболе

Аляксандр Сяднёў упершыню ў гісторыі клуба прывёў «Ардабасы» з гораду Шымкента да звання чэмпіёна Казахстану. Гэта другі тытул беларускага адмыслоўца ў руля гэтай каманды. У мінулым сезоне Сяднёў заваяваў яшчэ і Кубак Казахстану.

Футбольны клуб «Ардабасы» стаў чэмпіёна Казахстану, 22 кастрычніка 2023 года. Фота: Instagram/fc__ordabasy 

Таксама чэмпіёнам Казахстану акрамя трэнера стаў і яшчэ адзін беларус – форвард Усевалад Садоўскі, ён правёў у гэтым сезоне за «Ардабасы» 19 гульняў і забіў 4 мячы. Турнір каманда двух беларусаў выйграла датэрмінова, за тур да канца чэмпіянату, перагуляўшы 22 кастрычніка з лікам 3:1 «Шахцёр» з Караганды.

Заўважым, што гэтага дасягнення беларускі трэнер дабіўся не пры самых лепшых фінансавых абставінах – футбалістам і трэнерскаму штабу «Ардабасы» апошнія два месяцы не плацяць заробак.

Хто такі Аляксандр Сяднёў?

Аляксандру Сяднёву 50 гадоў. У якасці гульца быў не апошні па беларускіх мерках цэнтральны абаронца. Ён двойчы станавіўся чэмпіёнам і ўладальнікам Кубка Беларусі ў складзе мазырскага МПКЦ і бабруйскай «Белшыны». За гульнявую кар’еру ён змяніў 12 каманд, пагуляўшы ва Украіне і Расеі.

Аляксандр Сяднёў, трэнер клуба «Ардабасы» (Казахстан). Фота: Instagram/fc__ordabasy

Павесіўшы буцы на цвік Сяднёў узначаліў магілёўскі «Савіт», працаваў у менскай «Дынама» і «Белшыне», але без асаблівага поспеху. У 2020 годзе ўзначаліў берасцейскі «Рух», які належаў аднаму з кашалькоў Лукашэнкі – Аляксандру Зайцаву. Апошні патрапіў пад санкцыі і зусім сышоў з футбола, а «Рух» у 2021 годзе спыніў сваё існаванне.

Сам Сяднёў у канцы 2020 года зʼехаў з Беларусі і ніяк не выказваўся пра падзеі ў ягонай краіне. У Казахстане ў трэнера ўсё склалася ўдала. За ўсю гісторыю клуба з Шымкента ў яго было толькі два тытулы, з прыходам Сяднёва колькасць тытулаў падвоілася. Перыядычна ў клубе ўзнікаюць фінансавыя праблемы, якія пазней усё ж вырашаюцца.

Да гэтага з беларускіх трэнераў чэмпіянат Казахстану выйграваў Аляксей Шпілеўскі, які прывёў да золата «Кайрат» з Алма-Аты ў 2020 годзе. Пазней Шпілеўскі перабраўся ў «Арыс» і выйграў з ім чэмпіянат Кіпра.

Вядомы футбольны агент Валерый Ісаеў лічыць, што выйграўшы чэмпіянат Казахстану Сяднёў стаў самым паспяховым беларускім футбольным трэнерам.

«У Казахстане найскладаны чэмпіянат, і праблем там куча. Выйграць яго няпроста. Ёсць спартовы складнік поспеху. Але мы выдатна разумеем, што ў краінах постсавецкай прасторы могуць узнікнуць іншыя прычыны, якія перашкаджаюць дасягненню выніку. Кубак Казахстану – гэта Кубак, ён ужо ёсць. Але калі Сяднёў выйграе чэмпіянат, ён будзе самым паспяховым трэнерам у нашай краіне, з майго пункту гледжання», – сказаў Ісаеў. Як бачым, гэтага Сяднёву ўдалося дабіцца.

Кулуарная барацьба ў беларускім спорце працягваецца

Казахстан, краіна, дзе гуляе больш за ўсё беларусаў

У гэтым сезоне ў чэмпіянаце Казахстану гуляла 25 нашых гульцоў, 20 у элітным дывізіёне, яшчэ 5 – у другім. Самы вядомы з іх лепшы бамбардзір зборнай Беларусі ў гэтым адборачным цыкле – Макс Эбонг. Гэты паўабаронца ўжо тры гады гуляе за аднаго з лідараў чэмпіянату Казахстану – «Астану». У наступным сезоне Макс плануе паспрабаваць сябе ў Еўропе. Таксама ў Казахстане ёсць знаёмыя беларускаму балельшчыку па выступленні за БАТЭ Ігар Стасевіч, Яўген Бярозкін і Дзмітрый Бяссмерны.

Чым жа чэмпіянат Казахстану прываблівае беларускіх футбалістаў? Пра гэта на ўмовах ананімнасці «Трыбуне» расказаў адзін з беларускіх футбалістаў.

«Зараз казахстанскі футбол прывабней за беларускі абсалютна ўсім. Але ў першую чаргу – заробкамі. Хоць яны вельмі моцна залежаць ад бюджэту клуба, які фармуецца ў залежнасці ад задач: калі каманда дужаецца за траплянне ў топ-5, медалі, то грошай будзе больш, калі глабальных мэт не пераследвае – адпаведна, менш. Але нават у нетопавых клубаў бюджэт усё роўна можа быць большым, чым у топ-3 у Беларусі.

Замежнікам, у тым ліку беларускім гульцам, гатовы плаціць ад чатырох тысяч долараў. Сярэдні заробак складае 7-10 тысяч долараў, калі не браць «Астану», «Табол», «Ардабасы» – там зараз добрыя грошы, разбежка з астатнімі клубамі вельмі вялікая. Тая ж «Астана», наколькі ведаю, можа прапанаваць топаваму гульцу 350 тысяч долараў за сезон», – сказаў футбаліст.

Такая колькасць якасных гульцоў не можа і не адбіцца на выступленні нацыянальнай зборнай Казахстану, якая ў гэтым адборачным турніры чэмпіянату Еўропы выйграла пяць матчаў з васьмі і ўпершыню ў сваёй гісторыі прэтэндуе на паездку на фінальны турнір чэмпіянату Еўропы ў Нямеччыну. У той час як зборная Беларусі змагла ў гэтым турніры выйграць толькі раз і не мае нават тэарэтычных шанцаў згуляць на топ-турніры.

Футбольная зборная Беларусі вылецела з першай сотні сусветнага рэйтынгу

Алесь Ляўчук belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны