Ізраільскі танк выпадкова абстраляў егіпецкіх памежнікаў. Ёсць параненыя

Цагаль паведамляе, што адзін з ізраільскіх танкаў выпадкова зрабіў стрэл па егіпецкім памежным пункце каля сектару Газа, у населеным пункце Керэм-Шалом.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскія танкі рухаюцца каля мяжы з Газай. 12 кастрычніка 2023 года. Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Reuters са спасылкай на прэс-сакратара арміі Егіпта паведамляе, што некалькі егіпецкіх памежнікаў атрымалі лёгкія раненні ад аскепкаў ізраільскага снарада.

«Па факце здарэння праводзіцца расследаванне, падрабязнасці высвятляюцца», – паведаміла Армія абароны Ізраілю.

Цагаль выказаў шкадаванне ў сувязі з інцыдэнтам на мяжы з Егіптам.

Егіпет не збіраецца прымаць уцекачоў з сектару Газа

Улады Егіпту не падтрымліваюць ні тэрору «Хамасу», ні дзеянняў Ізраілю, які, на іх думку, выйшаў за межы законнай самаабароны. Таксама Егіпет выступае супраць таго, каб адкрываць калідоры для перамяшчэння ўцекачоў з сектару Газа праз сваю тэрыторыю.

Глеб Нержын belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны