Лукашэнка не здолеў зліквідаваць палітычных партыяў. Што ад іх засталося і якія планы на выбары

Улады чакаюць беларусаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, праціўнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі паклічуць на выбары ў Каардынацыйную раду. На першыя наўрад ці пойдзе большасць апазіцыі, на другія – большасць беларусаў. «Белсат» паразмаўляў з палітыкам Анатолем Лябедзькам пра перспектывы выбараў і тое, у якім стане цяпер зліквідаваныя палітычныя партыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дом ураду, дзе адбываюцца пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў. Менск, Беларусь. Фота: Белсат

25 лютага 2024 года ў Беларусі збіраюцца правесці адзіны дзень галасавання: выбары ў Палату прадстаўнікоў (ніжняй палаты Нацыянальнага сходу) і мясцовыя саветы. Выбіраць таксама будуць дэпутатаў Савету Рэспублікі, але без удзелу звычайных беларусаў. Выбары ў лукашэнкаўскай Беларусі не прызнаюць свабоднымі і справядлівымі на Захадзе – мала шанцаў, што прызнаюць і гэтыя. Пагатоў да гэтых выбараў у Беларусі наўрад ці спыняцца масавыя палітычныя рэпрэсіі, на гэтыя выбары наўрад ці пусцяць кагосьці, акрамя ўхваленых уладамі кандыдатаў. Праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі калі і ўжываюць слова «выбары» адносна гэтай кампаніі, то падкрэсліваюць: «выбары ў двукоссі».

Таксама ў лютым маюць прайсці выбары ў Каардынацыйную раду – протапарламент дэмакратычных сілаў. Рашэнне аб іх правядзенні, згодна з уласнымі правіламі, КР мусіла прыняць яшчэ 8 лістапада, але абмеркаванні зацягнуліся, разглядаюцца розныя варыянты фармату. Улады наўрад ці дадуць правесці ў Беларусі паўнавартасныя выбары ў тое, што назвалі экстрэмісцкім фармаваннем, таму КР шукае найлепшы з кепскіх варыянтаў зладзіць галасаванне.

Што дэмакратычныя сілы думаюць пра гэтыя выбары, «Белсату» расказаў Анатоль Лябедзька – дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» і эксперт у шматпартыйнай сістэме ў Беларусі, дарадца Святланы Ціханоўскай у сферы парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформы, былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Што засталося ад партыяў?

У Беларусі афіцыйна засталіся толькі чатыры праўладныя партыі – астатнія зліквідаваныя. На думку Лябедзькі, цяпер у Беларусі ўсе палітычныя актывісты, незалежна ад партыі, існуюць у сітуацыі калі не канцлагеру, то калоніі. Галоўнае заданне ў такіх умовах – ацалець:

«Большасць актывістаў засталася ў краіне. З’ехала дастаткова шмат, але падкрэсліваю: большасць застаецца ў Беларусі і на сёння».

Палітычнае жыццё актывістаў у Беларусі будзе з прычынаў бяспекі абмежаванае і непублічнае. Але Лябедзька тлумачыць: ёсць фармальна зліквідаваныя партыі (і рухі, якія фактычна дзеялі як партыі), а ёсць людзі пэўных поглядаў і «брэнды» партыяў, якія не зніклі.

Палітыкі ў эміграцыі працягваюць дзеяць пад партыйнымі «брэндамі», структуры партыяў цяпер фармуюцца за межамі Беларусі: не выключана, што будуць афіцыйна зарэгістраваныя ў іншых краінах. Пасля ліквідацыі партыяў у актыву ў эміграцыі развязаныя рукі – не трэба аглядацца на пагрозы сілавікоў ці абмежаванні Міністэрства юстыцыі.

Зліквідаваныя ў Беларусі партыі працягваюць прызнавацца за мяжою. Лябедзька прыводзіць такія прыклады. Еўрапейская народная партыя (найбуйнейшая ў Еўрапарламенце) пацвердзіла, што рашэнне аб ліквідацыі беларускіх партыяў не мае юрыдычных наступстваў, партнёрамі гэтай партыі застаюцца Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысціянская дэмакратыя і рух «За свабоду». Партыя еўрапейскіх сацыялістаў дала статус назіральніка БСДП (Грамада) і Народнай грамадзе. 6 снежня ў Еўрапейскім парламенце пройдзе форум «8 + 100»: восем беларускіх партыяў і сотня еўрапейскіх.

Ці ёсць стратэгія на лукашэнкаўскія выбары?

Дэмакратычныя сілы, расказвае Лябедзька, маюць стратэгію адносна выбараў у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў і ў Каардынацыйную раду. Гэтай стратэгіі не ўхвалілі канчаткова, але ў асноўных палітычных актараў ёсць кансэнсус у асноўных пытаннях. Згодныя, паводле Лябедзькі, у гэтым:

«Выбары ў канцлагеры не праводзяцца».

Значыць, трэба працаваць на дэлегітымізацыю выбараў. Менавіта гэтак можна паўплываць на вынік: міжнароднае непрызнанне выбараў адбываецца не само сабою, над гэтым трэба працаваць.  Трэба даводзіць да выбарнікаў, «чаму гэта не выбары, а падман», чаму пытанне сапраўды свабодных і справядлівых выбараў застаецца на парадку дня. Лукашэнку пасля выбараў-2020 важна вярнуць хаця б адчуванне ўласнай легітымнасці, стварыць уражанне перамогі.

Блізкія да згоды ў тым, што выбарніку, які не можа адмовіцца ад галасавання, варта ставіць крыжык у графе «супраць усіх», а не шукаць «свайго кандыдата», якіх на выбары наўрад ці прапусцяць. Лябедзька прапаноўвае паглядзець на кандыдатаў, якіх прапусцяць, і на тое, ці здолеюць яны адкрыта крытыкаваць Лукашэнку, а не мясцовых чыноўнікаў, і ці здолеюць выказвацца супраць вайны ва Украіне. Нават калі некалькіх такіх прапусцяць, гэта не будзе масаваю з’явай, упэўнены Лябедзька.

На выбары ў Палату прадстаўнікоў сабраўся ісці лідар ліквідаванай партыі «Зялёныя»

Лябедзька прасоўвае ідэю стварыць віртуальнага апазіцыйнага кандыдата, каб паказаць, каго на выбары не прапусцілі. Віртуальнаму Яну Каліноўскаму ён прапаноўвае напісаць праграму за дэмакратыю і еўрапейскую перспектыву, раскручваць гэтую праграму, каб на кантрасце прадэманстраваць альтэрнатыву і немагчымасць галасавання за яе на лукашэнкаўскіх выбарах.

Аб прэзідэнцкіх выбарах, запланаваных на 2025 год, ідуць фрагментарныя размовы, адзначае Лябедзька. Стратэгіі на іх яшчэ няма, бо пакуль не разабраліся з парламенцкімі.

Як партыі глядзяць на Каардынацыйную раду?

Лябедзька кажа, што дзевяць партыяў і рухаў у выгнанні маюць сваю пляцоўку супрацы. З іх пераважная большасць хоча, каб Каардынацыйная рада сталася рэальным протапарламентам, які б выпрацоўваў і ўзгадняў пазітыўную альтэрнатыву для Новай Беларусі. Гэтым, кажа Лябедзька, два мінулыя скліканні КР не займаліся.

У цяперашняй версіі КР Лябедзька бачыць асобныя станоўчыя элементы, але агулам бачыць структуру дэматываванаю: пры 115 мандатах у працы КР дзеюць толькі 30–40 дэлегатаў. Паводле суразмоўцы, палітычныя партыі бачаць развязанне гэтай праблемы ў выбарах паводле палітычных спісаў – не абавязкова партыйных, але ідэйна аб’яднаных, са сваймі праграмамі. Ён прыводзіць як прыклад аб’яднанне Валерыя Сахашчыка, Вадзіма Пракоп’ева і Андрэя Ягорава: яны маглі б склікаць арганізацыйны сход з вызначанаю мінімальнаю колькасцю ўдзельнікаў, прыняць праграму і вылучыць у КР спіс кандыдатаў.

Што такое Каардынацыйная рада, хто яе выбіраў і кім яна кіруе?

Калі выбіраць КР не паводле палітычных спісаў, атрымаецца «каардынацыйная рада грамадскіх арганізацыяў і асобных актывістаў», разважае Лябедзька. У такой радзе ён бачыць мінус: кожны дэлегат можа знайсці адгаворку, «чаму ён класны, а ўсе кепскія». А са структурызацыяй, калі ў КР будзе палітычная кааліцыя бальшыні і апазіцыя, будзе ясна, хто нясе адказнасць за КР, хто не быў згодны з дзейнасцю КР, чые прапановы былі падтрыманыя ці праігнараваныя.

Ідэя мінулага складу з квотамі для розных кірункаў дзейнасці (15 дэлегатаў ад партыяў і рухаў, 15 ад культуры і навукі, 15 ад дыяспараў і гэтак далей) Лябедзьку здаецца няўдалаю для выбараў: чалавеку будзе цяжка разабрацца нават з 6–8 палітычнымі спісамі ды іх праграмамі – як тады разабрацца ў як мінімум сотні прозвішчаў?

Партыі можна крытыкаваць за ранейшае, але яны самыя падрыхтаваныя і самыя матываваныя, маюць найбольшую «крэдытную гісторыю» ў выбарнікаў. Перад ліквідацыяй партыі падавалі спісы чальцоў у Міністэрства юстыцыі, пры спробах рэгістрацыі партыі падавалі спісы чальцоў арганізацыі кшталту БХД і «Гавары праўду» – і нават ва ўмовах рэпрэсіяў знайшліся сотні асобаў, гатовых падпісацца на падтрыманне іх статутаў і праграмаў.

Агучаная Лябедзькам ідэя прапарцыйнага галасавання – толькі адзін з варыянтаў, якія разглядае КР для найбліжэйшых выбараў. Ёсць і варыянты мажарытарнага галасавання (за асобных кандыдатаў, а не за спісы), і варыянты змяшанага галасавання. Спікер КР Андрэй Ягораў казаў, што спадзяецца на прыняцце канчатковага рашэння да 8 снежня. Пастанаўляць будзе сама КР, у якой ёсць чальцы партыяў, але ўласна партыяў да абмеркавання не запрашалі.

Ці не пашкодзіць падзел на «наш парламент і ваш парламент»?

Выходзіць, што адны ідуць у Каардынацыйную раду, другіх прызначаюць у Палату прадстаўнікоў. Ці не падкрэсліць гэта мяжу між беларусамі ў Беларусі і беларусамі ў эміграцыі? Лябедзька запэўнівае: не ў гэтым праблема.

«Для кагосьці гэтая мяжа ўжо ёсць, і яна не таму, што ёсць Каардынацыйная рада ці няма яе, – адзначае палітык. – Ёсць фрустрацыя, ёсць страх, з якімі людзі жывуць».

Важна не тое, што бальшыня беларусаў цяпер не чакае выбараў у КР і што з прычынаў сітуацыі ў Беларусі ў выбарах у КР наўрад ці возьме ўдзел большая частка беларусаў. Маўляў, трэба быць рэалістам.

Важней тое, наколькі КР будзе карысная і эфектыўная, як будзе сябе пазіцыянаваць і як будзе адстойваць інтарэсы беларусаў. А каб была эфектыўная, трэба прапанаваць выбары, максімальна цікавыя тым, хто можа ўзяць у іх удзел.

Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары

Фота вокладкі: Вот Так / Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны