Анархістам «групы Аліневіча» прысудзілі ад 18 да 20 гадоў калоніі, але нават у такой сітуацыі яны трымаліся годна ды ўсміхаліся. «Белсат» паразмаўляў з Валянцінай Аліневіч – маці анархіста Ігара Аліневіча – пра тое, як яна ўспрыняла такі прысуд, і на што спадзяецца ў будучыні.
«Прайшло даволі шмат часу, таму я хацела толькі аднаго: каб ён застаўся жывым, бо ішлі размовы пра тое, што іх увогуле расстраляюць. Я разумела, што ў наш час, на жаль, магчыма і такое. Я ж разумею, што па гэтым артыкуле прыкладна такі тэрмін – да 20 год, але далі ім максімальны тэрмін. Гэта было варта чакаць, таму я была спакойная», – кажа Валянціна Аліневіч.
Нягледзячы на вялізныя тэрміны, на якія асудзілі анархістаў, іхныя бацькі працягваюць трымацца і верыць у лепшае. У гэтым ім дапамагаюць самыя асуджаныя, якія нават за кратамі трымаюцца годна.
«Я вельмі добра ведаю гэтую ўладу, разумею, на што яна здольная, таму паказваць сваю роспач, бяду і слёзы я таксама не хачу. Мы павінныя быць мацнейшымі за іх. Тым больш я бачыла гэтых маладзёнаў, я бачыла свайго сына, бачыла іхныя твары, і я бачыла, што нават яны там не здаюцца. Калі яны там маральна не здаюцца, так што ўжо нам здавацца? Трэба іх падтрымліваць. Яны за кратамі ў кайданках, седзячы ў гэтай клетцы, яны мацнейшыя за нас, якія ў адноснай свабодзе. І з аднаго боку мне вельмі шкада нашу краіну, нашых людзей, усіх тых, каго кінулі за краты, але з іншага боку я ганаруся, што ў нас такі народ і такія людзі. Не дай бог, канечне, любой маці такое перажыць, але камусьці ж трэба. Таму трымаемся і перамагаем», – кажа Валянціна Аліневіч.
Маці Ігара Аліневіча упэўненая, што апеляцыя ў гэтай справе не дасць выніку, таму яна спадзяецца толькі на агульную перамогу ў краіне:
«Гэта не мае сэнсу, таму я ніякіх ілюзіяў ні наконт прысуду, ні наконт апеляцыі не маю. Я проста ведаю, што мы павінныя перамагчы. Толькі на гэта надзея».
Але нават у такой сітуацыі маці асуджанага анархіста Ігара Аліневіча застаецца аптымісткаю.
«Усё будзе добра, не хвалюйцеся. Такія нашы хлопцы, што проста, як на іх толькі паглядзіш, нават у кайданках, яны вылучаюць такую магутную энергетыку. Безумоўна, я разумею, што гэтая сістэма змалоць можа каго заўгодна, але ў мяне проста гонар за нашую моладзь».
Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча і Сяргея Раманава прызналі палітычнымі зняволенымі.
Ігар Аліневіч упершыню быў затрыманы ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў у Маскве і змешчаны ў СІЗА КДБ у Менску. У траўні 2011 года суд Заводскага раёну Менску пакараў яго 8 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Аліневіча абвінавацілі ў зацятым хуліганстве ў эпізодах нападу на расейскую амбасаду, а таксама за ўдзел у акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі, нападах на казіно, офіс банку «Масква-Менск» ды ізалятар на завулку Акрэсціна. У 2015 годзе быў вызвалены праз памілаванне і зʼехаў з Беларусі. У 2020-м Ігар Аліневіч вярнуўся ў Беларусь, каб далучыцца да пратэстаў.
ВК belsat.eu