Былы кіраўнік «Роскосмоса» Рагозін паранены пры абстрэле гатэлю ў Данецку

Увечары 21 снежня ў Данецку трапіла пад абстрэл кавярня «Шеш-Беш», дзе на той момант адзначаў свае народзіны былы гендырэктар «Роскосмоса» і кіраўнік групы ваенных дарадцаў «Царские волки» Дзмітрый Рагозін. Ён быў паранены, але ягонаму жыццю нічога не пагражае, паведамляе «РИА Новости».

Дзмітрый Рагозін. Фота: Роскосмос

Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Baza», Дзмітрый Рагозін атрымаў пранікальнае аскепкавае раненне ягадзіцаў, галавы і левага сцягна. Таксама пацярпелі асобы, якія яго суправаджалі. Паводле неправеранай інфармацыі, двое загінулі, яшчэ пяцёра параненыя.

Кіраўнік ураду самаабвешчанай ДНР Віталій Хацэнка таксама паранены пры абстрэле гатэлю ў Данецку. «З ім усё добра. Ён ад шпіталізацыі адмовіўся», – сказала прэс-сакратар Хацэнкі. Пагрозы ягонаму жыццю няма, сцвярджае яна.

Рагозін паведаміў, што «паранены ў спіну, асколак [прайшоў] у сантыметры ад хрыбетніка» і што пакуль ён «застаецца са сваімі параненымі таварышамі ў Данецку». Цяпер ён шпіталізаваны.

Таксама Рагозін удакладніў, што пад абстрэл трапіў гатэль, дзе жыла група вайсковых дарадцаў, якую ён узначальвае:

«Гэта была працоўная сустрэча, вузкім колам і ў спакойных абставінах пасля вяртання з аднаго з нашых добраахвотніцкіх падраздзяленняў. У гэтым гатэлі мы жылі ўсе апошнія месяцы, і за 8 гадоў вораг ні разу не абстрэльваў гэтага месца. Хтосьці зліў інфармацыю, і каля 19:45 адбылося некалькі высокадакладных траплянняў, у тым ліку ў месца, дзе мы непасрэдна былі. Білі калібрам 120 ці 155 мм. Следства вызначыць, адкуль і хто. У мяне раненне, металічны аскепак памерам 3×4 мм увайшоў вышэй за правую лапатку. Мае быць аперацыя. Пацярпелі яшчэ некалькі блізкіх мне людзей».

Пазней Рагозін расказаў пра сваё раненне: «У правую лапатку ўвайшоў асколак, затрымаўся ў пазванку. Было 6-7 дакладных прылётаў, адзін не разарваўся. Мы ў гэтым гатэлі жылі ўвесь гэты час. Байцы мае таксама параненыя, адзін у коме, адзін загінуў».

Паводле неправеранай інфармацыі, загінуў ахоўнік кіраўніка «ДНР» Віталія Хацэнкі.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны