Пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзіяў і «экстрэмізм» у газетах 1995 года. Рэпрэсіі 23 лютага

«Белсат» працягвае асвятляць рэпрэсіі ў дачыненні беларусаў за патрабаванне сумленных выбараў і пратэст супраць вайны.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра прызнанне палітвязнямі яшчэ 13-і асобаў. Гэта Віктар Савашэвіч, Аляксандр Сазонаў, Яўген Васілеўскі, Мікіта Карпенка, Максім Ярашэнка, Канстанцін Ханін, Андрэй Быкаў, Святлана Бычкоўская, Андрэй Рускіх, Дзмітрый Лагуценка, Васіль Ермакоў, Паўвел Ракоца, Андрэй Шкляр. Агулам у Беларусі 1450 асобаў з такім статусам.

Міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіяў адвакатаў Аксаны Белай, Наталлі Волкавай, Вольгі Дзямідчык і Сяргея Дзем’янчука ў сувязі з дысцыплінарнымі спагнаннямі за дзеянні, «што дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру». Аксана Белая, напрыклад, не атэставаная адразу падчас разгляду справы ейнай кліенткі – галоўнай рэдактаркі TUT.by Марыны Золатавай. Адвакатка мае 20-гадовы стаж працы. Адвакатку Таццяну Кавалевіч пазбавілі права выконваць прафесійныя абавязкі з прычыны «недастатковай кваліфікацыі».

Як стала вядома, на наступны дзень пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы была затрыманая Аляксандра Каско. 10 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёну Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 20 лютага жанчына на волю не выйшла.

На закрытым судовым пасяджэнні Берасцейскі абласны суд вынес прысуд у крымінальнай справе палітзняволенага Данііла Касцюкевіча, затрыманага 30 верасня 2021 года за каментары ў «справе Зельцара». 20-гадовага хлопца абвінавацілі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько.

У Пінску вынесены прысуд 54-гадовай сацыяльнай працаўніцы Жанне Паўловіч. Яе прызналі вінаватай у «абразе» Лукашэнкі паводле арт. 368 КК. Да прысуду яна знаходзілася на волі, аднак яе затрымлівалі раней на трое содняў у снежні 2022 году. Справу разглядзела суддзя Яўгенія Мельнік. Таксама была праведзеная псіхіятрычная экспертыза абвінавачанай.

Палітзняволеную Крысціну Чаранкову, якой прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі за допісы ў Instagram пра міліцыянтаў, перавялі ў гомельскую жаночую калонію № 4. 7 лютага ў Вярхоўным судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітзняволенай і пакінулі прысуд без зменаў, а скаргу без задавальнення.

У спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі дададзеныя акаўнт журналісткі Кацярыны Пытлевай у TikTok, YouTube-канал «Страна для жизни», сацсеткі і лагатып медыяпраекту «ОБЫЧНОЕ УТРО», відэаролік на YouTube «Палітык Дзмітры Шчыгельскі і ксёндз Барок. Вооруженное сопротивление – план политиков. А Божий?». Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя суполкі «УКантакце» «алкоголики шумилино», «МЧС РБ сливайся», «Naviny – Новости Беларуси», сайт і сацсеткі «Стоп Пропаганда», Telegram-каналы і чаты: «Гос. Террор», «Говорит Беларусь, «Беларусь online», «Новая Гута.граница», «Медики и Волонтёры», «The Бульба Chat», «ТЕРЕХОВКА», «ГАИ Радошковичи и область». У спісе апынуўся нават нумар газеты «СВАБОДА» ад 17 кастрычніка 1997 года і адно выданне газеты «ZA VOLU» ад 1995 года.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны