BEROC заявіў пра зніжэнне ўзроўню дабрабыту беларусаў

Незалежны даследчы цэнтр BEROC у сваім экспрэс-аналізе па выніках першых двух месяцаў 2023 года заявіў пра магчымае зніжэнне ўзроўню дабрабыту беларусаў. Пры гэтым цэны працягнуць расці, хоць і не так хутка, як летась.

Беларускія рублі. Фота: Белсат

Як адзначаюць эканамісты цэнтру BEROC, рознічны тавараабарот у лютым у Беларусі крыху павялічыўся, але прырост істотна запаволіўся. Агулам узровень спажывецкага попыту ў краіне «прыкметна адстае ад даваеннага».

А зніжэнне попыту насельніцтва на замежную валюту ў апошнія месяцы, мінімальны прыток тэрміновых рублёвых укладаў і слабы рост крэдытавання на тле дасяжнасці растэрмінавання і зніжэння адсоткавых ставак «ускосна сведчаць аб зніжэнні ўзроўню дабрабыту беларусаў».

Эксперты цэнтру таксама адзначылі, што ў Беларусі «паступова аднаўляецца і рост базавага індэксу спажывецкіх цэнаў пасля «ручнога» зніжэння ў кастрычніку-лістападзе 2022 года». Паводле іх, у краіне захоўвацца праінфляцыйны ціск, які «паступова транслюецца ў рост цэнаў пасля змякчэння адміністрацыйнага кантролю за імі». Імавернымі фактарамі гэтага ціску выступаюць аслабленне беларускага рубля, павышаныя выдаткі праз праблемы вытворча-лагістычных сувязяў і, магчыма, рост заробкаў.

Эканамісты прагназуюць, што ў найбліжэйшыя месяцы рост цэнаў працягнецца тэмпамі каля 0,5–0,7 % на месяц без уліку сезоннасці, у выніку чаго «будзе рэзкае зніжэнне гадавой інфляцыі». Але гэта адбудзецца ў сувязі з рэзкім скачкоў цэнаў год таму. Сам жа ўзровень цэнаў працягне расці, заяўляюць у BEROC.

ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі можа знізіцца да 4 %. Пры адсутнасці шокаў

Пра тое, што ў першым паўгоддзі 2023 года інфляцыя ў Беларусі будзе зніжацца, гаворыцца і ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР). Чакаецца, што «пры адсутнасці шокаў» гадавыя тэмпы росту спажывецкіх цэнаў у Беларусі працягнуць запавольвацца і ў другім квартале інфляцыя можа знізіцца да прыблізна 4 % год да года.

«Аднак па меры вычэрпвання дэзынфляцыйнага эфекту цэнавага рэгулявання, а таксама ва ўмовах паступовага аднаўлення ўнутранага попыту да канца года гадавая інфляцыя можа паскорыцца», – заявілі ў ЕАБР.

Базавы прагноз экспертаў адносна інфляцыі ў Беларусі па выніках 2023 года складае 8 %.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны