Беларуская лідарка выступіла на адкрыцці III Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Празе, якая распачалася ў Празе 23 сакавіка. У вітальнай прамове Святлана Ціханоўская падкрэсліла: ніхто, акрамя беларусаў, не вырашыць нашыя праблемы.
«Вельмі часта мы, беларусы, сябе недаацэньваем. Нам можа здавацца, што нас мала, што мы ні на што не ўплываем. Многія расчароўваюцца, стамляюцца, адыходзяць ад справаў. Але мы ні на што не ўплываем толькі тады, калі не дзейнічаем», – сказала абраная прэзідэнтка Беларусі, – <…>. Я цудоўна разумею: ёсць вялікая спакуса – вярнуцца нарэшце да спакойнага, размеранага жыцця. Але калі рухацца ў плыні руціны, мы рызыкуем згубіць не толькі сваю краіну, сваіх людзей, але і саміх сябе».
Задача беларусаў замежжа – не проста суперажываць беларусам, якія змагаюцца ўнутры краіны, а аказваць ім рэальную дапамогу і адстойваць беларускія інтарэсы за мяжой, а таксама падтрымліваць сем’і палітзняволеных, клапаціцца пра тых, хто зазнаў пераслед і застаўся без працы і без дому, перакананая Святлана Ціханоўская. Акрамя таго, беларусы за мяжой могуць лабіяваць пытанне візаў і міжнароднай дапамогі, дабівацца прыцягнення да адказнасці злачынцаў рэжыму і дапамагаць Украіне і набліжаць яе перамогу, лічыць лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.
«Мы з вамі сапраўдная сіла. Магчыма, пакуль не арганізаваная ідэальна. Але нам нішто не замінае ўдасканаліць сваю працу. І для гэтага мы сёння сабраліся тут», – сказала Святлана Ціханоўская.
ІІІ Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету распачалася ў Празе 23 сакавіка і працягнецца два дні. На ёй сабраліся больш за 100 ініцыятываў і госці з 21 краіны свету. Падчас Канферэнцыі пройдуць тры панэльныя дыскусіі, на якіх выступяць і адкажуць на пытанні знакамітыя спікеры і спікеркі:
Напярэдадні, 22 сакавіка, Святлана Ціханоўская выступала на Канферэнцыі Каліноўскага, якая праходзіла ў Вільні ў Сейме Літвы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu