«Bloomberg» даведаўся пра планы ЕЗ забараніць транзіт праз Расею шмат якіх тавараў

Еўразвяз плануе забараніць транзіт праз Расею шмат якіх тавараў. Гэта будзе спроба ўскладніць Крамлю абыход санкцыяў. Забарону транзіту ўлучаць у 11-ы пакет рэстрыкцыяў, піша агенцтва «Bloomberg».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Правяранне транспарту ў гміне Кузьніца, Польшча. 9 лістапада 2021 года. Фота: ЮШ / Белсат

Цалкам транзіт праз Расею спыняць не плануюць. Пад забаронаю будуць шмат якія тэхналогіі і тавары, у тым ліку некалькі марак аўтамабіляў, якія ідуць праз расейскую тэрыторыю ў трэція краіны, паведамілі неназваныя крыніцы «Bloomberg»:

«Новы пакет прапанаваных санкцыяў таксама можа быць скіраваны на танкеры, што не маюць навігацыйных сістэмаў для адсочвання іх руху. Галоўная мэта падрыхтаваных ЕЗ рэстрыкцыяў – ліквідацыя прававых шчылінаў і барацьба з абыходам абмежаванняў, што існуюць, у тым ліку кампаніямі трэціх краінаў».

Адзначаецца, што Польшча, Літва ды Эстонія прапануюць забараніць транзіт тавараў і тэхналогіяў, якія могуць быць выкарыстаныя расейскаю ваеннай, авіяцыйнай або аэракасмічнай прамысловасцю ці могуць дапамагчы палепшыць патэнцыял расейскай эканомікі.

Раней паведамлялася, што краіны G7 могуць цалкам прыпыніць экспарт у Расею, цяпер гэтыя захады абмяркоўваюцца. Пры гэтым захаваецца дазвол на пастаўкі лекаў і сельскагаспадарчай прадукцыі.

ЗША і іншыя краіны «Вялікай сямёркі» разглядаюць магчымасць поўнай забароны экспарту ў Расею

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны