У Беларусі чарговае папаўненне ў кагорце «экстрэмістаў». Гэтым разам – даволі незвычайнае. Калі раней прадстаўнікі рэжыму вінавацілі ў экстрэмізме сацыяльна-палітычныя медыі і тэлеграм-каналы, то цяпер чарга дайшла і да эканамічнага.
Як паведамляе «Вясна», інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналу «Экономика Беларуси» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Так пастанавіў суд Баранавіцкага раёну 18 траўня.
Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Экономика Беларуси» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Такое рашэнне прыняў суд Баранавіцкага раёну 18 траўня. pic.twitter.com/0tec6QzOiQ
— Viasna (@viasna96) May 23, 2022
Тэлеграм-канал, што мае амаль 30 тыс. падпісчыкаў, існаваў са снежня 2019 года і публікаваў навіны ды аналітыку на эканамічную тэматыку. Што канкрэтна ўлады палічылі экстрэмісцкім за гэтыя два з паловай года, не ўдакладняецца, але цяпер за распаўсюд ягонай інфармацыі ў Беларусі можа пагражаць адміністратыўная адказнасць.
Прадстаўнікі тэлеграм-каналу пакуль ніяк не пракаментавалі свайго новага статусу. Не адказалі яны і на запыт карэспандэнтаў «Белсату».
Як адзначыў у каментары «Белсату» медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, гэты тэлеграм-канал, хоць і спецыялізаваўся перадусім на эканамічнай тэматыцы, але «сярод яго каментатараў ёсць людзі накшталт Кныровіча [бізнесоўца і аглядальніка Аляксандра Кныровіча. – Рэд. Belsat.eu] і іншых, хто яўна належыць да крытыкаў кіраўнічага рэжыму».
«Цалкам магчыма, што там прагучалі нейкія рэчы, якія ўспрымаюцца вельмі варожа кіраўнічым рэжымам. Гэта можа быць як крытыка нейкага нарматыўнага акту, так і проста цытаванне, дапусцім, экспертаў са штабу Ціханоўскай [лідаркі дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай. – Рэд. Belsat.eu]», – адзначыў медыяэксперт.
На ягоную думку, прызнанне рэсурсу экстрэмісцкім магло стаць адказам як на нейкую публікацыю, так і працягам змагання з рэсурсамі, што прапануюць альтэрнатыўны пункт гледжання для беларускай аўдыторыі, або спалучэннем гэтых фактараў.
У любым разе, як заявіла ў каментары «Белсату» акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова, прызнанне экстрэмісцкім тэлеграм-каналу «Экономика Беларуси» трапляе ў агульны трэнд утойвання эканамічных звестак, які пачаўся яшчэ з хавання дэмаграфічных звестак падчас пандэміі каронавіруса.
«А потым яшчэ летась схавалі звесткі наконт выпуску тых галінаў, што трапілі пад санкцыі. І тут нават не было зразумела, што менавіта хаваюць. Ці то падзенне гэтых галінаў, што адбываецца ў выніку санкцыяў, ці, наадварот, адсутнасць падзення праз тое, што знайшлі масу абыходных шляхоў», – распавяла эканамістка.
Кацярына Барнукова адзначыла, што эканамічныя звесткі працягваюць знікаць са статыстыкі і цяпер. Гэтак, Нацбанк звычайна апытвае прадпрыемствы, каб збудаваць індэкс настрояў рэальнага сектару эканомікі. Але з пачаткам вайны гэты індэкс знік: апошні быў у лютым, а ў сакавіку і красавіку ўжо больш нічога не выходзіла.
Такія ж з’явы, кажа акадэмічная дырэктарка BEROC, назіраліся ў 2015 і 2016 гадах, калі таксама пасля ваенных дзеянняў Расеі на Данбасе пачаўся крызіс, а Нацбанк схаваў бюлетэні настрояў прадпрыемстваў рэальнага сектару.
«Відавочна, робяцца высілкі, каб інфармацыя пра стан эканомікі не прасочвалася і да людзей не даходзіла», – мяркуе Кацярына Барнукова.
Экспертка адзначыла, што настроі эканамічных агентаў ды іхныя чаканні шмат у чым таксама фармуюць эканоміку.
«Калі мы думаем, што ўсё будзе кепска, мы пачынаем менш выдаткоўваць, больш ашчаджаць. Гэта ў сваю чаргу змяншае наш супольны попыт у эканоміцы, сціскаецца ўнутраны рынак. Гэта таксама ўплывае адмоўна, не кажу ўжо пра ўздзеянне панікі на рынак банкаўскіх паслугаў, як на пачатку сакавіка, калі людзі забіралі свае дэпазіты і здарыўся ўсплёск попыту на валюту», – кажа Кацярына Барнукова.
На ейную думку, каб зменшыць такія паводзіны, важна разумна кіраваць інфармацыяй.
«Але ў нас замест разумнага кіравання, як звычайна, выкарыстоўваецца прынцып утойвання і хлусні. Мы нават ад афіцыйных асобаў увесь час чуем супярэчлівыя пасылы: то нам кажуць, што злосны Захад нам абрэзаў 16 млрд экспарту. А потым кажуць, што санкцыі ідуць нам толькі на карысць – і мы робімся мацнейшымі», – заявіла акадэмічная дырэктарка BEROC.
Яна не выключае, што такім чынам прадстаўнікі рэжыму могуць спрабаваць зліквідаваць рэчы, падобныя да банкаўскай панікі ў жніўні – верасні 2020 года, калі тэлеграм-каналы паўплывалі на зняцце грамадзянамі сваіх укладаў.
«Відавочна, што гэтага баяцца. І таму такія нішавыя тэлеграм-каналы пачалі трапляць пад «экстрэмізм», – мяркуе эканамістка.
Але агулам сітуацыю ў эканоміцы гэта не палепшыць – «ад таго, што скажаш 78 разоў мёд, у роце саладзей не стане». І санкцыі эканоміцы на карысць не пойдуць, а значыць, і падзення эканомікі пазбегнуць не атрымаецца, заключыла Кацярына Барнукова.
Макар Мыш, belsat.eu