Беларускім «апалчэнцам» дазволяць затрымліваць людзей і прымяняць зброю

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект закона «Аб народным апалчэнні», ён унесены Саветам міністраў у Палату прадстаўнікоў.

Народнае апалчэнне. Фота: sputnik.by/

Згодна з дакументам «народнае апалчэнне» – гэта ўзброеныя фармаванні, якія ствараюцца з ліку грамадзянаў, якія выказалі жаданне прыняць удзел у забеспячэнні ваеннага становішча на тэрыторыі тэрытарыяльнай адзінкі. Асноўнай задачай апалчэння названа аказанне дапамогі міліцыі ў забеспячэнні ваеннага становішча, абароне ўласнасці ад супрацьпраўных дзеянняў. Мясцовыя саветы абароны змогуць прыцягваць апалчэнне і для вырашэння іншых задач па забеспячэнні ваеннага становішча.

Добраахвотнікі, якія знаходзяцца ў атрадах апалчэння, будуць мець наступныя правы:

  • змогуць прымяняць фізічную сілу, прымяняць і выкарыстоўваць зброю на пэўных умовах;
  • затрымліваць асобаў, якія ўчынілі злачынства, для далейшай перадачы ў органы;
  • патрабаваць ад грамадзянаў захавання грамадскага парадку, абмежаванняў і забаронаў, уведзеных для забеспячэння ваеннага становішча;
  • аказваць садзейнічанне тэрытарыяльным органам унутраных спраў, напрыклад: абмяжоўваць рух транспартных сродкаў, праводзіць агляды машын; правяраць дакументы і чыніць асабістыя дагляды грамадзянаў і рэчаў, а таксама іх адабранні; аглядаць жылыя памяшканні і іншыя ўладанні; выкарыстоўваць транспартныя сродкі асобаў для дастаўлення ў медычныя ўстановы асоб, якія маюць патрэбу ў аказанні экстранай медычнай дапамогі;
  • дапускаецца прадастаўленне добраахвотнікам і іншых правоў.

Фінансавацца апалчэнні будуць за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, а таксама добраахвотных ахвяраванняў юрыдычных, фізічных асобаў або іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

Рашэнні аб фармаванні будуць прымацца мясцовымі органамі і саветамі абароны. Яны ж будуць вызначаць колькасць атрадаў апалчэння, іх структуру і колькасць з улікам наяўнасці добраахвотнікаў і задач, якія вырашаюцца. У кожным атрадзе будзе прызначацца камандзір і ягоны намеснікі з ліку добраахвотнікаў.

Залічэнне ў апалчэнне не вызваляе ад прызыву на ваенную службу па мабілізацыі і не з’яўляецца падставай для спынення працоўных адносін. Пры гэтым наймальнік па рашэнню мясцовых уладаў будзе абавязаны вызваляць работніка ад працы для ўдзелу ў апалчэнні, за работнікам будзе захоўвацца месца працы, пасада і сярэдні заробак па месцы працы.

У апалчэнне, згодна з праектам закона, не будуць залічаны грамадзяне, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту або абмежавання волі, прызнаныя недзеяздольнымі, якія маюць захворванні або фізічныя недахопы, пры наяўнасці якіх проціпаказана валоданне зброяй. Абскарджваць адмову ў залічэнні нельга.

Атрады апалчэння будуць расфарміроўвацца з адменай ваеннага становішча або на падставе ўказа прэзідэнта.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны