Ці без Азарава, ці ніяк: за рассылку ў чат-бот «Перамога» з выбараў у КР могуць зняць увесь спіс «Закон і правапарадак»

Камісія па выбарах у новы склад Каардынацыйнай Рады на паседжанні 23 траўня прапанавала Аляксандру Азараву зняць сваю кандыдатуру з выбараў да 9:00 24 траўня, інакш будзе зняты ўвесь спіс «Закон і правапарадак». Прычына – у рассылцы чат-бота плана «Перамога» і грэбаваннi правіламі бяспекі выбаршчыкаў.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў. 26 лютага 2024 года. Скрыншот: Белсат

Вечарам 23 траўня адбылося адкрытае паседжанне Выбарчай камісіі па выбарах у Каардынацыйную Раду. Старшыня камісіі Алена Прыходзька адзначыла, што за апошнія суткі да іх прыйшла велізарная колькасць скаргаў на тое, што вечарам аўторка, 21 траўня, карыстальнікі Telegram, якія калісьці зарэгістраваліся ў плане «Перамога», масава атрымалі паведамленні з заклікам галасаваць за Аляксандра Азарава і яго спіс «Закон і правапарадак». З-за такіх паведамленняў маглі быць арыштаваныя беларусы ўнутры краіны. У скаргах людзі патрабуюць ад камісіі адрэагаваць на гэта належным чынам. Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 22 траўня заявіла, што Азарава пазбавілі доступу да бота плану.

Чаму ўдзельнікам плану «Перамога» рассылалі агітацыю да выбараў у Каардынацыйную раду?

Падчас разбіральніцтва на паседжанні Аляксандр Азараў пацвердзіў, што нават калі чалавек выдаліў бот, паведамленне ўсё роўна магло прыйсці яму ў рассылцы. Тэхнічна бот выдаліць складана, але, як падкрэсліў палітык, пра тое, як гэта правільна зрабіць, пішуць усе незалежныя СМІ.

«Я заклікаў беларусаў прыняць удзел у выбарах, бо яны не ведаюць, што праходзіць выбарчая кампанія. Ніхто ў Беларусі не ведае пра выбары. Калі ў мяне ёсць такі інструмент як чат-бот «Перамога», я выкарыстаў яго, каб данесці інфармацыю да людзей. Зараз усё прызнаецца экстрэмісцкім, кожны чалавек, калі чытае экстрэмісцкі рэсурс ці рэгіструецца ў боце, мусіць разумець небяспеку і браць на сябе персанальную адказнасць. З майго боку ніякага парушэння бяспекі не было», – пераконваў у сваім пункце гледжання Аляксандр Азараў.

Тым не менш, камісія прыйшла да высновы, што Аляксандрам Азаравым было здзейсненае невыкананне правілаў бяспекі, якое прапісанае ў Мемарандуме як прыярытэтнае і пад чым падпісваліся ўсе чальцы спісаў для рэгістрацыі на выбарах. Камісія адзначыла: кожны, хто падпісваецца на тэлеграм-каналы, нясе персанальную адказнасць за гэта, аднак гэта не адмаўляе адказнасці іншых асобаў, тым больш, калі выдаліць тэхнічна той жа бот аказваецца даволі складана.

Як выдаліць ботаў у Telegram, каб не было слядоў і сюрпрызаў (просты спосаб не дапаможа)

Камісія не можа зняць асобу з выбараў (у палажэнні прапісана, што гэта можа зрабіць толькі кіраўнік спісу, якім і з’яўляецца Аляксандр Азараў), а можа зняць з выбараў спіс цалкам. Таму Азараву прапанавалі ўзяць самаадвод, каб даць магчымасць спісу «Закон і правапарадак» удзельнічаць у выбарах 25 – 27 траўня. Час для прыняцця рашэння – 9:00 24 траўня. Пры гэтым некаторыя чальцы камісіі выступілі за тое, каб зняць спіс з выбараў у любым выпадку, бо каманда Азарава ніяк не адрэагавала на рассылку паведамленняў і не папрасіла за гэта прабачэння ў выбаршчыкаў.

Аляксандр Азараў пагадзіўся ўзяць час на роздум, але сказаў, што не пачуў абгрунтавання ў парушэнні бяспекі.

«Усе скаргі, якія вам дасылаюць, напісаныя сілавікамі, якія вядуць кампанію, каб зняць мяне з выбараў», – перакананы палітык.

Ён так і не пагадзіўся з тым, што рассылка паведамленняў у чат-бот была небяспечнай для беларусаў унутры краіны. Адпаведна, і прабачэнняў ніякіх не прынёс.

Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 5 «Закон і правапарадак»

Ася Саковіч belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны