Беларускія зенітчыкі паабяцалі абараніць краіну ад НЛА

Мінабароны апублікавала відэа пра правяранне гатовасці злучэнняў і вайсковых частак з заяваю ананімнага «начальніка штабу». Ён паабяцаў, што «любы неапазнаны лятальны апарат, які парушыць дзяржаўную мяжу, будзе знішчаны».

21 чэрвеня міністэрства абароны абвесціла пра «раптоўнае правяранне гатовасці злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сілаў да выканання задачаў паводле прызначэння».

Да манеўраў далучылася адно з фармаванняў зенітна-ракетных войскаў. Яно «атрымала задачу заступіць на баявое дзяжурства для аховы паветранай прасторы Беларусі», паведаміла сёння Мінабароны ў сваім Telegram-канале.

На апублікаваным відэа ананімны «начальнік штабу – першы намеснік камандзіра дывізіёна» са схаваным тварам адсправаздачыўся, як вайскоўцы «своечасова і скрытна занялі пазіцыйны раён і заступілі на баявое дзяжурства»:

«Любы неапазнаны лятальны апарат, які парушыць дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, будзе знішчаны ў найкарацейшы тэрмін».

Як паведамлялася, «раптоўнае правяранне гатовасці» праходзіць у Берасцейскай і Гомельскай вобласцях. У Мінабароны папярэджвалі пра перасоўванне баявой тэхнікі па аўтатрасах.

Руціна, імітацыя ці пагроза? Што трэба ведаць пра чарговае правяранне боегатовасці

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны