«Belzhd_live»: праз санкцыі Кітай адклаў пастаўку электравозаў у Беларусь

Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў «Belzhd_live» паведамляе, што кітайскі вытворца цягнікоў «CRRC Datong Co., Ltd.» адклаў пастаўку ў Беларусь 15 грузавых электравозаў, бо баіцца санкцыяў.

Электравоз серыі БКГ2. Фота: railtrain.pro

Беларуская чыгунка мае кантракт з ТАА «Кітайская кампанія экспарту і імпарту электраабсталявання» і ТАА «CRRC Datong Co., Ltd.» на пастаўку 15 грузавых аднасекцыйных электравозаў. Электравозы меліся з’явіцца ў Беларусі яшчэ ў канцы 2023 года. Аднак рэалізацыя праекту была пастаўленая на паўзу, паведамляюць у «Belzhd_live».

Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў сцвярджае: кітайцы занепакоеныя тым, што іх могуць абвінаваціць у парушэнні накладзеных на Беларусь санкцыйных абмежаванняў, датычных еўрапейскіх і амерыканскіх дэталяў. Рэч у тым, што пры вытворчасці электравозаў серыі БКГ2 шырока выкарыстоўваюцца запчасткі, вузлы, агрэгаты і дэталі, што вырабляюцца ў заходніх краінах, якія ўвялі санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле «Belzhd_live», размова не ідзе пра адназначную адмову пастаўляць электравозы. Кітайская кампанія шукае развязанне гэтай праблемы.

Адзін з магчымых варыянтаў – арганізацыя вытворчасці без выкарыстання падсанкцыйнага абсталявання. Але, з увагі на долю яго выкарыстання, зрабіць гэта фактычна не рэальна, мяркуюць у «Belzhd_live». Хутчэй за ўсё, кітайскі бок паспрабуе схаваць сляды выкарыстання ўсяго, што можа адносіцца да еўрапейскіх і амерыканскіх кампаніяў. Праўда, у такім выпадку можа істотна павялічыцца кошт прадукцыі, мяркуюць чыгуначнікі.

Кітайскім інвестарам у Беларусі далі экалагічныя палёгкі – ініцыятыва «Твае зялёныя вочы»

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны