«Мытня глядзела з староннасцю». Падарожнікі наракаюць на пільны дагляд беларускіх службоўцаў на межах з ЕЗ

У апошні дзень тыдня істотна выраслі чэргі на ўезд у Беларусь: калі ехаць, напрыклад, з Літвы, даводзіцца чакаць амаль содні. У Telegram-чатах падарожнікі пішуць, што беларускія мытнікі даглядаюць рэчы вельмі пільна.

Мужчына спрабуе дамовіцца з кіроўцам аўтобусу «Вроцлаў – Пінск», каб трапіць у Беларусь праз памежны пункт «Тэрэспаль» (. Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі на 10 раніцы, у чарзе перад «Варшаўскім мостам» – 195 легкавых аўтаў.

Тыя, хто сёння мінуў мяжу, пішуць у чатах, што давялося чакаць каля 15 гадзінаў. Прыкладна столькі ж (12–14 гадзінаў) цяпер чакаюць, каб заехаць у Беларусь праз Тэрэспаль. Падарожнікі наракаюць на марудную працу беларускіх службоўцаў: «Мытня глядзела з староннасцю». Акрамя таго, людзі скардзяцца на «улезуноў», якія намагаюцца ўціснуцца без чаргі. Каля польскага пункту пропуску сёння заўважылі паліцэйскіх, якія змагаюцца з такімі зламыснікамі.

У аўтобуснай чарзе ў Берасці цяпер 15 «ждуноў». Прыкладны час чакання – не менш за 10 гадзінаў. Мяжу яшчэ не мінулі тыя, хто выехаў з Менску ўчора а 15 гадзіне. Уезду ў Беларусь таксама чакаюць каля 10 гадзінаў.

Зэканоміць час можна, калі перасесці ў аўтобус бліжэй да шлагбаума. У чатах сцвярджаюць, што кіроўцы зноў бяруць «чужых» пасажыраў.

Чарга на польска-беларускай мяжы каля пераходу «Тэрэспаль». Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года. Фота: Карына Пашко / Белсат

У «Каменным Лозе» цяпер, паводле Памежнага камітэту, 40 легкавікоў. Як пішуць у чатах, чакаць давядзецца калі 8 гадзінаў. Затое назад, у Беларусь, – амаль содні.

«Тармазілі ўсе: і людзі, якія прадаюць месца ў чарзе, і літоўцы, якія закрывалі каналы без папярэджання, і нашыя. Парадаў няма, трымайцеся», – апісалі сітуацыю тыя, хто сёння прыехаў з Літвы на радзіму.

Аўтобусаў у чарзе няма, уначы мяжу ў бок Літвы міналі за некалькі гадзінаў. Пішуць, што з правозам запакаваных харчоў – як пашанцуе, калі на дне валізы нечага не заўважаць. У іншых выпадах прымушаюць выкідаць:

«У дзяўчыны з нашага аўтобуса былі ласункі, зефір у пакунках – усё выкінула ў кантэйнер».

Каля 3–4 гадзінаў аўтобусы чакаюць на шляху ў Беларусь.

У «Беняконях» чэргаў няма зусім, паведамляе Памежны камітэт. Паводле падарожнікаў, выезд з Беларусі займае 3,5 гадзіны на легкавіку, каля 2 гадзінаў – аўтобусам.

На заезд у Беларусь налічылі 50 аўтамабіляў, тыя, хто сёння мінуў мяжу, сведчаць, што чакаць давялося каму 18 гадзінаў, а каму – усе 22.

У «Грыгароўшчыне» на выезд у Латвію няма чэргаў ні легкавікоў, ні аўтобусаў. Уначы мяжу міналі за гадзіну. Затое маецца чарга аўтамабіляў на ўезд у Беларусь. У чатах пішуць, што чакалі каля 12 гадзінаў.

«Выходзіць з машыны і кантраляваць чаргу». Якая сітуацыя на мяжы Беларусі перад выходнымі

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны