Віктар Хрэнін заявіў, што найміты ПВК Вагнэра застаюцца ў Беларусі

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін у інтэрвʼю СТВ паведаміў, што найміты ПВК Вагнэра працягваюць перадаваць баявы досвед беларускім сілавікам.

Міністр абароны Віктар Хрэнін. Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

«Яны знаходзяцца ў нас. Да іх захоўваецца павышаная цікавасць, так скажам, з боку асабліва заходніх спяцоў», – заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Паводле міністра, атрымаць баявы досвед, не ваюючы – самая вялікая каштоўнасць.

«Мы змаглі яго і ў сябе на тэрыторыі атрымаць. Спецыялісты ПВК Вагнэра таксама з намі падзяліліся, ды і зараз працягваюць дзяліцца тым досведам, найперш баявым досведам. Мы на гэтым фоне, зыходзячы з патрабаванняў нашага галоўнакамандуючага, вельмі правялі сурʼёзную працу. Мы ў корані змянілі праграмы боепадрыхтоўкі. Яны адаптаваныя, сталі больш насіць практычны характар, накіраваныя перш за ўсё вучыць таму, што трэба на полі бою, у вайне, каб перамагчы і выжыць», – падкрэсліў ён.

Хрэнін зазначыў, што ў беларускім войску цяпер «адышлі ад муштры», а праграмы падрыхтоўкі сталі больш зразумелыя.

Хрэнін не патлумачыў, колькі вагнэраўцаў засталося ў Беларусі і ў якім яны знаходзяцца статусе.

Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны