У першай палове дня 23 ліпеня стала вядома, што пачаўся працэс ліквідацыі дзясяткаў няўрадавых арганізацыяў Беларусі. Гэта закранула ініцыятывы ад «Арт-сядзібы» і курсаў «Мова нанова» да Бізнес-школы ІПМ, Офісу правоў людзей з інваліднасцю і дабрачыннай платформы «Імёны».
На момант публікацыі ў спісе на ліквідацыю амаль паўсотні ўстановаў. «Белсат» паразмаўляў з прадстаўнікамі НДА пра тое, ці змогуць грамадскія арганізацыі «адбіцца» ад уладаў і як будуць жыць, калі іх усё ж ліквідуюць.
Сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» (якая таксама трапіла пад ліквідацыю) Аляксей Казлюк згадвае на Facebook: «Вясна», якой «цяпер ганарыцца ўся краіна», пасля незаконнай ліквідацыі ў 2003 г. працавала без рэгістрацыі і нават пад пагрозаю крымінальнага пераследу. «Трагедыі не адбылося», – піша ён.
«Зарэгістраваная арганізацыя – гэта толькі інструмент, – заяўляе праваабаронца. – А працу робяць людзі. І пакуль людзі жывыя, на волі, здаровыя фізічна і ментальна – некамерцыйны сектар і грамадзянская супольнасць існаваць будуць».
У згаданай «Вясне» цяпер на волі не ўсе: за кратамі старшыня Алесь Бяляцкі (які ўжо быў у няволі з лета 2011 г. да лета 2014 г.), намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч і ягоная жонка Ніна Лабковіч. Аднак «Вясна» працягвае дзейнасць.
Падобная думка і ў Паўла Белавуса – дырэктара закрытай яшчэ летась крамы Symbal.by і сузаснавальніка «Арт-сядзібы» (цяпер збіраюцца ліквідаваць інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Амарока», праектам якой ёсць «Арт-сядзіба»). Ён піша:
«Галоўнае – не юрыдычны статус, а людзі і іх ідэі».
Але не ўсе могуць працаваць так, як працавала «Вясна». Платформа «Імёны», якая расказвала гісторыі людзей, якім патрэбная дапамога, і збірала грошы на дабрачынныя праекты, плануе аспрэчваць рашэнне аб ліквідацыі ў пазасудовым парадку і рыхтуе пазоў у суд. Ліквідаваць збіраюцца сацыяльна-дабрачынную ўстанову для падтрымання інфраструктурных грамадска значных праектаў «ІмёныМедыя».
«Мы будзем змагацца дзеля нашых праектаў, дзеля тых тысяч людзей, якім мы з вамі патрэбныя, – пішуць «Імёны». – Дзеля вас, сябры, дзясяткаў тысяч чалавек, якія нас падтрымліваюць ужо шмат гадоў і дзякуючы якім нам удалося зрабіць столькі добрага і важнага».
Святлана Зінкевіч, дырэктарка Офісу еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, расказала «Белсату», што нават не атрымала афіцыйнага паведамлення аб ліквідацыі – дазналася пра яе, праверыўшы статус у Адзіным рэестры юрыдычных асобаў. 14 ліпеня ва ўстанове правялі ператрус, але з якой прычыны – невядома.
«Ліквідацыя арганізацыяў – гэта страта працоўных месцаў, гэта таксама і тое, што многія сацыяльныя праблемы перастаюць развязвацца, людзям перастае аказвацца дапамога, – даводзіць Святлана Зінкевіч. – Многія некамерцыйныя арганізацыі рабілі працу, якой не рабілі дзяржаўныя. Пазбавіўшыся паслуг некамерцыйных арганізацыяў, пацярпяць звычайныя людзі, у тым ліку са слабых групаў».
Яна лічыць, што ад ліквідацыі пацярпяць перадусім простыя людзі, бо ў спісе на ліквідацыю ёсць і тыя, хто дапамагае ўразлівым групам, і эколагі, і аматары жывёлы, і іншыя. Тое, што людзі страцяць іх паслугі, толькі яшчэ больш узмацніць сацыяльную напружанасць, кажа Святлана Зінкевіч.
Палітолаг Юрый Чавусаў кажа «Белсату»: шанцы, што пазовы не скончацца ліквідацыяй, вельмі малыя.
Ён згадвае, што падчас зачысткі 2003–2006 гг. ліквідавалі некалькі дзясяткаў грамадскіх аб’яднанняў, а выпадкаў, калі б суды адмовілі Міністэрству юстыцыі ў пазове аб ліквідацыі, практычна не было. Толькі ў выключных выпадках міністэрства часам само адмаўлялася ад пазову.
У некаторых, як у праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду», гаворка цяпер вядзецца не аб ліквідацыі, а аб прыпыненні дзейнасці на тэрмін да 6 месяцаў. Такое пакаранне, якое таксама накладаецца судом паводле пазову органаў юстыцыі, «у сённяшняй сітуацыі больш лагоднае», кажа Юрый Чавусаў: гэта дазваляе разлічваць на тое, што калі скончыцца зачыстка, яны будуць мець неблагі шанец працягнуць існаванне.
Юрыст звяртае ўвагу на тое, што зачыстка ідзе ў той час, калі рыхтуюць новую рэдакцыю закону «Аб грамадскіх аб’яднаннях». Гэты закону стаіць на парадку дня ўжо два гады, у Палату прадстаўнікоў уносілі праект, але адклікалі ў пачатку 2020 г. Цяпер праўкі ідуць у межах аднаго законапраекту разам з новай рэдакцыяй закону «Аб палітычных партыях». Выказваліся думкі, што праз гэта могуць патрабаваць перарэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, але Чавусаў мяркуе, што такога не будзе, проста з прыблізна 3 тыс. грамадскіх аб’яднанняў могуць закрыць дзясяткі ці сотні ініцыятываў.
Сітуацыя грамадскіх аб’яднанняў вельмі адрозніваецца ад сітуацыі ўстановаў. Грамадскае аб’яднанне, калі яно само не пастанавіла ліквідавацца, мусяць ліквідаваць праз суд. Падставы ж для ліквідацыі ў Грамадзянскім кодэксе «сфармуляваныя вельмі агульна», адзначае Чавусаў.
Установы ж лёгка рэгіструюцца і лёгка пазбаўляюцца рэгістрацыі – рашэнне суда для гэтага не абавязковае, дастаткова рашэння рэгістрацыйнага органу. Шмат каго ліквідуюць за дзейнасць, якая «не адпавядае статуту», але ў чым неадпаведнасць, арганізацыі дакладна не ведаюць. Ці здолеюць заснавальнікі ўстановаў абскардзіць ліквідацыю – пытанне адкрытае, кажа Чавусаў, але пасля рашэння аб ліквідацыі падаваць скаргі складана.
Ёсць яшчэ такая форма НКА, як фонды. У іх дачыненні пакуль ідзе правяранне, але пра прыпыненне дзейнасці або ліквідацыю інфармацыі пакуль не было.
Юрый Чавусаў мяркуе, што ў сённяшніх умовах дзейнасць без рэгістрацыі можа прывесці да крымінальнай адказнасці, і без легальнага статусу шмат каму будзе цяжка рабіць тое, што яны рабілі. Праца «па-партызанску» супярэчыць самому паняццю арганізацыі грамадзянскай супольнасці, кажа ён. Але не абавязкова працаваць без рэгістрацыі.
Штосьці з таго, што робяць арганізацыі, якім цяпер пагражае ліквідацыя, змогуць рабіць новыя арганізацыі, якія паўстануць у камерцыйнай або некамерцыйнай форме. Але штосьці могуць рабіць і фізічныя асобы – напрыклад, фізічныя асобы могуць выдаваць публікацыі або, як дысідэнты ў СССР, весці індывідуальную праваабарончую дзейнасць. Можа быць тое, што здарылася з прэсай: на месца закрытых СМІ прыходзяць індывідуальныя блогеры.
«Можна прагназаваць павелічэнне вагі і значнасці тых арганізацыяў, якія застануцца ў статусе зарэгістраванага грамадскага аб’яднання ці фонду, – адзначае Чавусаў. – У першую чаргу гэта арганізацыі, якія маюць добрыя стасункі з дзяржавай: БРСМ, Чырвоны Крыж, Саюз жанчын, некаторыя іншыя арганізацыі. Падазраю, што шмат якія грамадскія ініцыятывы могуць пайсці пад крыло дзяржаўных і калядзяржаўных утварэнняў проста дзеля таго, каб ажыццяўляць сацыяльную, гуманітарную, дабрачынную дзейнасць без асцярогаў аб магчымым прыцягненні да адказнасці».
АА belsat.eu