На беларускай тэрыторыі пад мяжой Польшчы аказаліся ў пастцы тры дзясяткі мігрантаў, якія назваліся афганцамі. Яны два тыдні не могуць ні трапіць у Польшчу, ні сысці з-пад мяжы – іх не адпускаюць беларускія памежнікі.
Міністэрства замежных справаў Польшчы выслала ноту МЗС Беларусі з прапановай аказаць гуманітарную дапамогу групе мігрантаў на беларускай тэрыторыі.
Паводле МЗС Польшчы, афіцыйная Варшава спытала пра патрэбы на беларускім боку і заявіла аб гатовасці даць намёты, ложкі, спальнікі, коўдры, піжамы, бялізну, сродкі індывідуальнай гігіены, харчаванне і лекі.
Пры згодзе беларускага боку Польшча гатовая неадкладна выслаць гуманітарны канвой найкарацейшай дарогай праз бліжэйшы легальны памежны пераход.
Раней група налічвала 50 асобаў. Акрамя афганцаў, якія дасюль застаюцца ў лесе, тут была група іракскіх жанчын з дзецьмі. Некалькі дзён таму беларускія памежнікі дазволілі ім вярнуцца ў Беларусь. Цяпер у часовым лагеры, акрамя мужчын, – чатыры жанчыны, 15-гадовая дзяўчына і брытанскі кот, якога час ад часу дастаюць з кардоннай скрынкі і даюць зрабіць некалькі крокаў на шворцы.
АА belsat.eu