У траціны людзей, якія церпяць ад «зацяжнога COVID-19», навукоўцы знайшлі парушэнні ў працы ўнутраных органаў праз месяцы пасля выпіскі са шпіталю. Гэта вынікае з даследавання, апублікаванага ў часопісе Lancet.
Навукоўцы ўпершыню вывучылі МРТ-здымкі пацыентаў з COVID-19. Аналіз здымкаў паказаў, што ў людзей з «зацяжным ковідам» у тры разы часцей былі пашкоджаныя лёгкія, мозг і ныркі ў параўнанні з кантрольнай групай, якая не хварэла на COVID-19.
У даследаванні прынялі ўдзел 259 чалавек, у якіх цяжкое цячэнне хваробы прывяло да шпіталізацыі. МРТ ім зрабілі праз 5 месяцаў пасля выпіскі і параўналі са здымкамі кантрольнай групы з 52 чалавек.
Пашкоджанні лёгкіх назіраліся амаль у 14 разоў часцей сярод пацыентаў з «зацяжным ковідам», анамаліі, звязаныя з ныркамі і мозгам, былі выяўленыя ў тры і два разы часцей адпаведна.
Людзі са шматлікімі анамаліямі органаў у 4 разы часцей паведамлялі пра сур’ёзныя псіхічныя і фізічныя парушэнні, праз каторыя яны не маглі займацца паўсядзённымі справамі, зазначае вядучая аўтарка даследавання Бэці Раман, спецыялістка па сардэчна-сасудзістых захворваннях з Оксфардскага ўніверсітэту.
Суаўтар даследавання Крыстафер Брайтлінг, прафесар рэспіратарнай медыцыны з Лестарскага ўніверсітэту заклікае не лічыць атрыманую інфармацыю нагодай для трывогі, а разглядаць як магчымасць зрабіць крок наперад і распрацаваць метады лекавання для людзей з «зацяжным ковідам».
Паводле спецыялістаў, мільёны людзей у свеце працягваюць хварэць на каронавірусную інфекцыю і не маюць магчымасці вярнуцца да нармалёвага жыцця праз тыдні і месяцы пасля заражэння. Шмат у каго надоўга застаюцца такія сімптомы як задышка, стомленасць і затуманьванне свядомасці, у некаторых ковід перацякае ў цяжкое хранічнае захворванне.
У траўні 2023 года генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрас Адханам Гебрэесус падтрымаў даклад 15-й сустрэчы Міжнароднага камітэту рэгулятараў надзвычайнага стану аховы здароўя і абвясціў, што пандэмія COVID-19 больш не ёсць «надзвычайнаю сітуацыяй міжнароднага маштабу».
Аднак, як і іншыя вірусы, SARS-CoV-2, што выклікае хваробу COVID-19, стала мутуе і мяняе свае ўласцівасці.Да 80% выпадкаў заражэння каронавірусам у свеце апошнім часам прыпадае на новы варыянт вірусу – EG.5 Eris. У жніўні ён асабліва распаўсюдзіўся ў Індыі, Вялікай Брытаніі і ЗША.
Марыя Міхалевіч belsat.eu