Фільм пра Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы «На другім беразе» пакажуць «ва ўсіх аграгарадках, сельскіх школах і дамах культуры, цэнтралізаванай сетцы бібліятэк», піша БелТА. Пракат стужкі ў кінатэатрах працягнецца да канца года.
Выглядае, што прапагандысцкі фільм пра «дрэнных палякаў» хочуць паказаць кожнаму беларусу. Як заявілі ў Міністэрстве культуры, пасля 1 кастрычніка кінасеансы пачнуць ладзіць «ва ўсіх аграгарадках, сельскіх школах і дамах культуры, цэнтралізаванай сетцы бібліятэк».
У кінатэатрах пракат фільму «На другім беразе» працягнецца прынамсі да канца года, аднак дамова «Беларусьфільму» на паказ трывае год, таму тэарэтычна сеансы могуць не спыняцца да верасня 2024-га.
Чыноўнікі кажуць, што «праца з фільмам не адрозніваецца ад практыкі працы з іншымі прэм’ерамі». То бок пасля шырокага пракату – індывідуальныя паказы, потым тэлеэфір, потым «выхад на стрымінгавыя платформы».
Дзяржаўныя медыі распавядаюць пра надзвычайны ажыятаж гледачоў, міністэрствы рапартуюць пра паказ стужкі «усім слаям насельніцтва»: студэнтам, школьнікам, дактарам.
Гэты фільм знялі да так званага Дня народнага адзінства, запрасілі расейскага рэжысёра. Першыя паказы адбыліся 14 верасня. Як паведамляла раней радыё «Свабода», аншлагі ў кінатэатрах забяспечваюцца прымусам. У прыватнасці, для студэнтаў БДУ нават касавалі лекцыі дзеля арганізаванага кінасеансу. Квіткі набывалі самі навучэнцы, за 6 рублёў.
Сяргей Крот belsat.eu