Днём 23 снежня стала вядома пра затрыманне журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча – неўзабаве пасля таго, як інтэрнэт-рэсурсы выдання МУС назвала «экстрэмісцкім фармаваннем».
Невядомыя ў масках 23 снежня трапілі ў кватэру журналіста Алега Груздзіловіча ў Менску. Спачатку не было вядома, з якой прычыны затрымалі журналіста. Цяпер следчы сказаў жонцы, што Груздзіловіч праходзіць у справе аб «арганізацыі масавых беспарадкаў», піша радыё «Свабода».
Мар’яна Груздзіловіч, жонка затрыманага журналіста, расказала, што заўважыла прыкметы затрымання, калі вярнулася дамоў: мужа не было ўдома, з кватэры зніклі ягоныя ноўтбук і тэлефон, а ён не адказваў на тэлефанаванні. Каля 20 гадзінаў вечара ёй патэлефанаваў следчы, які назваўся прозвішчам Коласаў, і сказаў, што Алег праходзіць у справе аб «масавых беспарадках».
У жніўні бягучага года Груздзіловіча арыштоўвалі на 10 дзён, ён трымаў галадоўку тры дні. За час мінулага арышту допытаў Груздзіловіча не было, ён адмовіўся даваць паказанні. Па вызваленні ён застаўся падазраваным у «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Жонка збіраецца сустрэцца з адвакатам 24 снежня, аддаць перадачу затрыманаму.
Затрыманне Груздзіловіча адбылася ў той жа дзень, калі Міністэрства ўнутраных справаў назвала «экстрэмісцкім фармаваннем» інтэрнэт-рэсурсы «Свабоды». Як абвінавачванне ў «масавых беспарадках» звязанае з гэтым або з журналісцкай дзейнасцю Груздзіловіча, невядома.
У сувязі з затрыманнем «Свабода» згадала пяць цікавых фактаў пра Груздзіловіча:
АА belsat.eu