Раней у 2021 годзе яго ўжо затрымлівалі, але вызвалілі, пакінуўшы падазраваным у справе аб «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Невядомыя ў масках выламалі дзверы ў доме журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, забралі яго з дому, піша «Свабода». Гэта адбылася ў Менску, дату і час затрымання не называюць.
Абноўлена. Жонка затрыманага ўдакладніла, што дзверы не былі зламаныя. Следчы сказаў ёй, што Груздзіловіч праходзіць у справе аб «масавых беспарадках».
Груздзіловіча разам з яшчэ двума журналістамі «Свабоды» ўжо затрымлівалі 16 ліпеня, тады ж у рэдакцыі правялі ператрус. Груздзіловіча вызвалілі пасля 10 дзён зняволення і галадоўкі, але пакінулі падазраваным паводле арт. 342 КК РБ.
З чым звязанае цяперашняе затрыманне, дакладна невядома. Але менавіта сёння стала вядома, што Міністэрства ўнутраных справаў назвала інтэрнэт-рэсурсы радыё «Свабода» «экстрэмісцкім фармаваннем».
За кратамі ўжо паўтара года знаходзіцца журналіст і кансультант «Свабоды» Ігар Лосік, якога нядаўна асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Амаль месяц у няволі фрылансер «Свабоды» Андрэй Кузнечык, супраць якога распачалі крымінальную справу паводле неназванага артыкулу.
Алегу Груздзіловічу 63 гады, з якіх 26 гадоў ён працуе на радыё «Свабода».Быў названы «Журналістам году» ў 2009 годзе. У 2012 годзе выдаў па матывах сваіх рэпартажаў кнігу «Хто ўзарваў менскае метро?».
АА belsat.eu