Стала вядома пра смерць яшчэ аднаго беларуса, які ваяваў за Украіну

Каля вёскі Паўлаўка ў Данецкай вобласці Украіны 7 ліпеня загінуў беларус-добраахвотнік Алег Панамароў, але стала вядома пра гэта толькі зараз, паведамляе радыё «Свабода». Вядома, што ён заўсёды насіў шаўрон з Пагоняй.

Загінулы Алег Панамароў. Крыніца: svaboda.org

Алегу «Хмураму» Панамарову было 30 гадоў, ён загінуў пасля прамога пападання снарада ў акоп, дзе ён знаходзіўся. Беларус ваяваў у батальёне «Айдар», быў замкамандзірам баявой машыны, наводчыкам-аператарам штурмавога ўзвода штурмавой роты. Ваяваць за Украіну ён прыехаў яшчэ ў 2014 годзе, служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая сеча».

«Ён вельмі хацеў дапамагчы Украіне. Ён разумеў, што Расея прыцясняе ягоную радзіму. Сачыў за Майданам, а калі пачалася вайна, то не змог заставацца ўбаку», – кажа пабрацім Алега Панамарова Астап.

Пахавалі Алега Панамарова пад бел-чырвона-белым сцягам у горадзе Ужгарадзе, на захадзе Украіны, у Закарпацці. Такое месца пахавання выбралі таму, што там жыве ягоны пабрацім Астап, які займаўся пахаваннем. «Алег жыў у Краматорску Данецкай вобласці, але яму вельмі падабаліся Карпаты. Марыў калісьці пераехаць сюды жыць», – кажа Астап.

Панамароў нарадзіўся ў Харкаўскай вобласці Украіны, але ягоныя бацькі разышліся і маці з дзецьмі паехала на сваю радзіму, у Магілёў. У Беларусі хлопец працаваў арматуршчыкам на заводзе. Ён быў грамадзянінам Беларусі, але змог атрымаць украінскае грамадзянства ў 2017 годзе.

Гэта васямнаццатая вядомая смерць беларуса, якія бараніў Украіну ў вайне з Расеяй.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны