NATO перакідае дадатковыя сілы ва Усходнюю Еўропу

Краіны NATO пераводзяць сілы ў гатоўнасць і адпраўляюць дадатковыя караблі і знішчальнікі для размяшчэння ва Усходняй Еўропе. Такім чынам Альянс узмацняе стрымліванне і абарону саюзнікаў, бо Расея працягвае нарошчваць вайсковыя сілы ва Украіне і вакол яе.

Як паведамляецца ў афіцыйнай заяве Альянсу, Данія адпраўляе фрэгат у Балтыйскае мора і плануе перабазаваць у Літву чатыры знішчальнікі F-16. Іспанія адпраўляе караблі для далучэння да вайскова-марскіх сілаў NATO і разглядае магчымасць адпраўкі знішчальнікаў у Балгарыю. Францыя гатовая накіраваць у Румынію войскі. Нідэрланды плануюць размесціць два знішчальнікі F-35 у Балгарыю.

ЗША таксама далі зразумець, што разглядаюць магчымасць павелічэння вайсковай прысутнасці ва Усходняй Еўропе.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што NATO будзе працягваць прымаць усе неабходныя меры дзеля абароны сваіх саюзнікаў, у тым ліку шляхам узмацнення ўсходняй часткі Альянсу.

Нагадаем, з лістапада 2021 года Расея канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінаю. Заходнія і ўкраінская выведкі лічаць, што Крэмль плануе маштабнае ўварванне, прычым дзеля гэтых мэтаў можа выкарыстоўвацца тэрыторыя Беларусі.

Дзярждэпартамент ЗША распарадзіўся эвакуяваць сем’і працаўнікоў амбасады ў Кіеве

РР belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны