Рада БНР выказала засмучэнне, што Зяленскі не згадаў пра беларусаў у паўстанні 1863 года

Падчас урачыстасцяў у Варшаве з нагоды гадавіны паўстання Кастуся Каліноўскага пасол Украіны ў Польшчы зачытаў віншаванне ад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У гэтым лісце ўкраінскі лідар сказаў пра народы, якія аб’ядналіся супраць расейскага імперыялізму, але не згадаў сярод іх беларусаў. Рада БНР адрэагавала на гэты зварот.

Старшыня Рады БНР у выгнанні Івонка Сурвіла. Кадр з відэазвароту / Рада БНР / radabnr.org

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала засмучэнне тым, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не знайшоў магчымасці прыгадаць удзел беларускага народу ў 160-гадовы юбілей пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага супраць Расейскай імперыі.

«Прычына гэтага зразумелая і палягае не ў гісторыі, а ў сучаснасці: саўдзел Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны.

Аднак важна памятаць, што Лукашэнка з’яўляецца ўзурпатарам і не выяўляе волі беларускага народу. Ён выконвае волю Пуціна, у інтарэсах якога знішчыць незалежнасць Беларусі».

У звароце Рады БНР таксама гаворыцца, што цяпер шмат якіх прадстаўнікоў беларускага народу рэпрэсуюць, катуюць у турмах. Шмат якія беларусы распачалі партызанскую вайну ў самой краіне, а іншыя разам з украінскімі жаўнерамі змагаюцца супраць расейскага агрэсара – у тым ліку і ў палку, які носіць імя Кастуся Каліноўскага.

«Падзеі апошняга часу пацвердзілі, што свабода і дэмакратычная перспектыва Балта-Чарнаморскага рэгіёну немагчымая без незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, ажыццявіць і гарантаваць якую можа толькі беларускі народ».

У звароце таксама нагадваецца, што Кастусь Каліноўскі ёсць нацыянальным героем Беларусі.

У Беластоку паказалі монаспектакль, прысвечаны паўстанню Кастуся Каліноўскага

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны