У Менску затрымалі былога палітвязня Уладзіміра Яроменка

Праўладныя тэлеграм-каналы напісалі пра затрыманне мужчыны, які «на сваім працоўным месцы апроч збору мэблі вырабляў і распаўсюджваў пратэставую сімволіку», паведамляе «Вясна».

Праваабаронцы высветлілі, што затрыманы – былы палітычны вязень Уладзімір Яроменак, засуджаны ў 2011 годзе да трох гадоў калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 года.

Сцвярджаюць, што Уладзімір нібыта перадаваў бел-чырвона-белыя сцягі «лідарам экстрэмісцкіх ячэек», сярод якіх назвалі Змітра Дашкевіча.

Праўладныя каналы пішуць, што Яроменак стаўся фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту»).

Зміцер Дашкевіч, які згадваецца ў паведамленні тэлеграм-каналаў, блізкіх да МУС, быў жорстка затрыманы 23 сакавіка. Паводле ягонай жонкі, утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна. Ён таксама былы палітвязень.

Зміцер Дашкевіч у ізалятары на Акрэсціна

ЗК belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны