Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступіў з заявай, у якой адзначыў, што падзеі, якія адбыліся ў Асманскай імперыі ў пачатку XX стагоддзя, з’яўляюцца генацыдам супраць армянскага народа. Заява апублікаваная на сайце Белага дому.
Джо Байдэн выступіў з заявай, у якой заявіў пра ўшанаванне армянскіх ахвяраў, якія загінулі ў пачатку 20-га стагоддзя.
«Кожны год у гэты дзень мы ўзгадваем жыццё ўсіх тых, хто загінуў у генацыдзе армянаў эпохі Асманскай эпохі, і мы зноў абавязваемся перадухіліць такое зверства. Пачынаючы з 24 красавіка 1915 году пасля арышту асманскімі ўладамі ў Канстанцінопалі армянскіх інтэлектуалаў і лідараў грамадскіх супольнасцяў, паўтары мільёны армянаў былі дэпартаваныя і забітыя», – гаворыцца ў заяве.
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што многія армяне знайшлі свой дом у Злучаных штатах і на працягу дзесяцігоддзяў армянскія мігранты ўзбагацілі ЗША.
28 кастрычніка 2019 года Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла рэзалюцыю аб прызнанні генацыду армянаў. Гэтая рэзалюцыя фармальна азначае, што ЗША прызналі генацыд, хоць яна і мела рэкамендацыйны характар. 12 снежня 2019 года Сенат ЗША аднагалосна прыняў аналагічную рэзалюцыю аб прызнанні генацыдам масавага забойства армянаў у Асманскай імперыі ў пачатку XX стагоддзя. Джо Байдэн падчас выбарчай кампаніі абяцаў, што прызнае забойствы армянаў у асманскай імперыі генацыдам.
Падчас масавых забойстваў армянскага насельніцтва ў Асманскай імперыі загінула, паводле розных падлікаў, ад 660 тысячаў да 1,5 млн чалавек. Турцыя і Азербайджан не прызнаюць падзеі 1915 года генацыдам, але прызнаюць шматлікія ахвяры сярод гэтага народа.
На постсавецкай прасторы генацыд армянаў прызнала толькі Расея.
СК belsat.eu