Беларуса асудзілі за марадзёрства ў Бучы

Беларуса судзілі ва Украіне за крадзеж тавараў у крамах Бучы падчас расейскай акупацыі. Яго пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам цягам двух гадоў, паведамляе радыё «Свабода».

Украінскія вайскоўцы пасля раздачы гуманітарнай дапамогі жыхарам Бучы, Украіна. 2 красавіка 2022 года. Фота: МП / Белсат

Беларус разам з сяброўкай, грамадзянкай Украіны, краў тавары з крамы касметыкі і гандлёвага цэнтру. Крымінальную справу супраць іх завялі 19 красавіка 2022 года. Паводле следчых, абое займаліся крадзяжом з 10 сакавіка 2022 года да 25 красавіка 2022 года. То бок гэта адбывалася і падчас акупацыі Бучы расейскім войскам, і пасля яе.

Абаіх затрымалі, але пазней змясцілі пад хатні арышт і яны ўцяклі. Украінка памерла, а беларуса знайшлі і зноў затрымалі ў сакавіку 2024 года.

Ён цалкам прызнаў віну на судзе і сказаў, што «зрабіў для сябе належныя высновы», ды прасіў строга яго не караць.

Ён мае вышэйшую адукацыю, раней не прыцягваўся да адказнасці. Мяркуючы паводле рэчаў мужчыны, пералічаных у матэрыялах справы, ён меў дачыненне да Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі.

Сярод ягоных рэчаў былі пасведчанні Цэнтру прапаганды МНС і Гомельскага МНС.

З 19 красавіка мужчына застаецца пад хатнім арыштам. У яго ёсць 30 дзён ад гэтай даты, каб абскардзіць рашэнне суда.

Як жыве Буча пасля дэакупацыі

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны