Затрыманне дачкі Кастусёва, дзень народзінаў за кратамі і пераезд «Валадаркі». Рэпрэсіі 24 красавіка

У Беларусі амаль тысячу асобаў затрымалі з палітычных прычынаў за першыя тры месяцы года. «Сітуацыя з парушэннем правоў чалавека ў краіне застаецца катастрафічнай», – канстатуе цэнтр «Вясна». «Белсат» працягвае фіксаваць факты рэпрэсіяў, што не сціхаюць з 2020 года.

Затрыманні ў Менску ў верасні 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сілавікі затрымалі дачку палітзняволенага Рыгора Кастусёва Кацярыну. Яе прымусілі сказаць на камеру, што ў 2020 годзе яна аказвала садзейнічанне «Вясне» і што нібыта зарэгістравалася ў чат-боце плану «Перамога».

Старшыню партыі БНФ ужо больш як тры гады трымаюць у няволі. За кратамі ў яго пагоршыўся стан здароўя, выявілася анкалагічная хвароба.

Сілавікі затрымалі дачку палітзняволенага Рыгора Кастусёва

10 узброеных сілавікоў прыйшлі затрымліваць жыхара Жабінкаўскага раёну за каментары. Міліцыянты бегалі каля дому мужчыны, пагражалі выламаць дзверы, наводзілі зброю на вокны – такое відэа апублікавалі праўладныя крыніцы. Затрыманага абвінавацілі ў «распальванні варожасці» у дачыненні сілавікоў і «закліках да гвалтоўных акцыяў».

Суддзя суда Савецкага раёну Менску Вольга Емельянчанка прызначыла 2,5 года «хатняй хіміі» мужчыне за ўдзел у масавай акцыі 2020 года. Мікіту Дабравольскага абвінавачвалі паводле «народнага» артыкула аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Доказамі ў справе былі фота з ягонага тэлефона і паліто бэжавага колеру, у якое ён тады быў апрануты.

На 1000 рублёў аштрафавалі былую палітзняволеную Таццяну Пыцько – жонку віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава. Нагодаю стаўся «экстрэмісцкі» лагатып на старонцы жанчыны ў сацсетцы «Одноклассники». У верасні летась Пыцько далі 3 гады калоніі, аднак Вярхоўны суд адтэрмінаваў пакаранне на 3 гады.

Хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец, які ўцёк з Беларусі разам с жонкаю і семярымі дзецьмі, распавёў пра сваё затрыманне, збіццё ў Фрунзенскім РУУСе, жорсткія ўмовы на Акрэсціна, пагрозы крымінальнай справай за «здраду дзяржаве» і пра тое, як яму ўдалося пазбегнуць далейшага пераследу. Мельянца затрымалі 19 сакавіка ў Менгарсудзе, куды ён прыйшоў падтрымаць палітзняволенага журналіста-каталіка Ігара Карнея. Прапаведнік прабыў на Акрэсціна 25 сутак.

Кватэру праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне

Кватэру палітзняволенага праваабаронцы Уладзіміра Лабковіча прадалі на аўкцыёне за 145 390 рублёў. На нерухомасць на вуліцы Тухачэўскага ў Менску прэтэндавалі трое. Юрыст «Вясны» Павел Сапелка назваў продаж кватэры Лабковіча – пакараннем калегі за праваабарончую дзейнасць.

Палітзняволеная Марыя Калеснікава сустрэла за кратамі чарговы дзень народзінаў. Сёння ёй споўнілася 42 гады. Кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў няволі ўжо больш за 3 гады і 7 месяцаў. Ужо 14 месяцаў родныя не атрымліваюць ад яе лістоў. Калеснікаву трымаюць у гомельскай жаночай калоніі.

Марыя Калеснікава ў Лідзе. 31 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

Тым часам ініцыятыва dissidentby паведаміла пра расфармаванне СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску. Там перасталі прымаць перадачы. Вязняў перавязуць у Магілёў і Жодзіна, а таксама ў Калядзічы, дзе пабудавалі новы следчы ізалятар. Паводле звестак dissidentby, у СІЗА на Валадарскага знаходзяцца найменей як 42 палітвязня.

Паўторныя затрыманні і медычныя абмежаванні для зняволеных. Рэпрэсіі 23 красавіка

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны