Бамбіць Варонеж – гэта ўжо не мэм

Любоў
Лунёва
Журналістка

Не прайшло і паўтара года пасля поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну, як на тэрыторыі самой Расеі пачаліся баявыя дзеянні. Прычым на Маскву ідуць не ўкраінскія вайскоўцы. Толькі за адну ноч з 23 на 24 чэрвеня мяжу з Растоўскай вобласцю перасеклі 1700 адзінак тэхнікі. І гэта паводле афіцыйных паведамленняў мясцовых уладаў.

Вайсковая калона прыватнай групы наймітаў Вагнэра едзе па трасе М-4, якая злучае Маскву з паўднёвымі гарадамі Расеі, недалёка ад Варонежу, Расея. 24 чэрвеня 2023 года. Фота: Stringer / Reuters / Forum

Гэта камандуючы ПВК Вагнэр» Яўген Прыгожын вядзе сваіх байцоў на Маскву. Той самы Прыгожын, які прымусіў скалануцца ўвесь свет ад звярынай жорсткасці, калі пакараў смерцю пры дапамозе кувалды свайго ж падначаленага за тое, што той трапіў у палон. Цяпер гэты чалавек-кувалда захоплівае расейскія гарады і ідзе туды, адкуль быў пасланы забіваць і рабаваць украінскі народ.

Мяцеж вагнэрацаў: Прыгожын разварочвае калоны. Пуціну дапамог Лукашэнка? Онлайн

Горад-мільённік Растоў узяты практычна без бою. Ці зрабілі хоць нешта ўлады, каб перадухіліць у горадзе паніку сярод мірнага насельніцтва? Як патлумачылі тое, што адбываецца, гараджанам? Адзін з мясцовых жыхароў Ігар Мацюшэўскі (прозвішча змененае) жыве амаль у цэнтры. У яго сям’я, двое няпоўнагадовых дзяцей: «Ніхто не патлумачыў, што трэба ўвогуле рабіць. Мы ж разумеем, што сітуацыя зусім не ардынарная, калі мякка яшчэ сказаць. Раптам пачнуцца баявыя дзеянні? Што рабіць? І самае галоўнае: нас могуць бамбіць свае ж вайскоўцы, каб пакончыць з вагнэраўцамі? Я ж хаця б чалавек, якія сочыць за тым, што адбываецца ва Украіне не праз тэлевізар. А мая суседка, калі спытала ў мяне, што адбываецца, ніяк не магла ўвогуле ўцяміць, што такое можа адбывацца ў войску. На дачу некаторыя зʼехалі з гораду яшчэ раней. Бо пятніца. Цяпер траса перакрытая. Хто хацеў з гораду вырвацца пасярод ночы, траплялі ў заторы. А куды ехаць? Калі пачнуць калону з тэхнікай прыгожынскай расстрэльваць, то не хацелася б апынуцца там разам з імі на адной дарозе. Сітуацыя жахлівая, і гэта новая рэчаіснасць. Усе проста ў шоку ад таго, што адбываецца».

А тым часам да камандзіраў і байцоў ПВК Вагнэр звярнуўся намеснік камандуючага Аб’яднанай групоўкай войскаў генерал войска Сяргей Суравікін. Можа быць таму, што раней Прыгожын казаў пра яго як пра аднаго з нямногіх «адэкватных» і «дастойных» прадстаўнікоў Міністэрства абароны. «Адэкватны» генерал у позні пятнічны вечар паўстаў перад гледачамі не ў зусім «адэкватным» выглядзе. Відаць, для пераканаўчасці, каб не падумалі, што ён у такі важны для краіны момант быў у лазні з мужыкамі, з ім быў аўтамат. Дарэчы, не адзін ён у гэты вечар быў з аўтаматам. Сілавікі вельмі актыўна і наглядна, нягледзячы на ​​ўсю наяўную інфармацыю аб месцы перабывання Прыгожына, працягвалі шукаць яго ў Пецярбурзе. Бегалі па горадзе з аўтаматамі. Натуральна, лепш бегаць па Піцеры – гэта пакуль бяспечна, відовішчна і, мусіць, для кагосьці пераканаўча. Ва ўсякім разе для тых, хто патрабуе нейкіх дзеянняў. Яно і зразумела. Выступу Пуціна чакалі вельмі доўга.

І нарэшце дачакаліся. Пуцін ні разу не вымавіў прозвішча Прыгожына. Пуцін свайго былога кухара і ягоную кампанію называў: «тыя здраднікі». Але пры гэтым ён публічна пацвердзіў мяцеж у войску і спробу вайсковага перавароту. А гэта ўбачылі і тыя мільёны гледачоў, якія паняцця не мелі, што такое ПВК Вагнэра і хто такія тыя самыя «здраднікі». А яшчэ яны цяпер даведаліся, што ідуць вайскоўцы на Маскву. Пры гэтым Пуцін чарговы раз прадэманстраваў сваё: «Расея гэта я», «няма мяне – няма Расеі». Але самае галоўнае – Пуцін упершыню як бы прапанаваў сваім суграмадзянам выбар. Выбар паміж сабой каханым і яшчэ кімсьці. Такім чынам, вельмі хутка стане відавочна, чаго вартая абвешчаная падтрымка Пуціна 89 %.

Найміты ПВК Вагнэра ў Растове-на-Доне. Фотаздымкі

А тым часам пад Варонежам ідуць баі. Самыя інтэнсіўныя –  паўднёвай частцы вобласці, каля райцэнтраў Паўлоўск, Багучар і Верхні Мамон. Усе яны размешчаныя ў наваколлях трасы «Дон», каля буйных дарожных развязак. Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што вагнэраўцы могуць абыйсці перакрытую трасу «Дон». Яны могуць частку сваіх сілаў пакінуць у гарадах, а іншыя свае сілы накіраваць на Валгаград. Гукі баёў з ужываннем бранятэхнікі чутныя ў самім Варонежы. Тым больш, што баі ідуць у прадмесці – у Рагачоўцы. Спытала ў жыхаркі Варонежу, сваёй знаёмай Алы Ляшанковай (прозвішча змененае), якая жыве ў горадзе ўсё жыццё. «У нас стары дом, і ў двары ёсць клець. Мы ўжо дамовіліся, што калі што, дык там перасядзім. Там ёсць яма для бульбы. І побач яшчэ падвальчык з закаткамі. Ужо аднеслі туды старую кушэтку, коўдры, вёдры. Не, не з вадой. Ну… каб у якасці прыбіральні іх выкарыстоўваць. Ці мала што там будзе. А ваду ў слоіках паставілі. Там яшчэ і ўзвары стаяць. Спадзяемся, што хопіць. А маладыя людзі высоўваюцца і здымаюць відэа. Але страшна. Божа, ніколі не думала, што так страшна, калі страляюць нечым з паветра. Гук жудасны зверху, а потым гэты свіст і грукат. Гэта яны па іх страляюць? Такое адчуванне, што гэта вайна і бамбуюць горад. Страшна. Ну, я яшчэ разумею, калі б гэта ўкраінцы стралялі. А тут… Мы з мужам ужо пенсіянеры. Госпадзі, хто мог падумаць, што дажывем да такога», – сказала мая суразмоўніца.

Увесь свет сочыць за тым, як развіваюцца падзеі на тэрыторыі Расеі. Хто каго пераможа, нікому асабліва не цікава. Галоўнае, як пішуць не без злараднасці людзі ў сацсетках, каб было як мага больш стратаў з абодвух бакоў. Народ жартуе, што паступова сталі праяўляцца межы Масковіі. Тым больш што губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Варабʼёў заклікаў часова адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце на поўдні Маскоўскай вобласці, а таксама за межы рэгіёну. А на некаторых паўднёвых трасах Маскоўскай, Тульскай і Калужскай вобласцяў сталі зʼяўляцца блокпасты і вайсковая тэхніка. На гэтым фоне абнадзейліва гучыць выказванне кіраўніка МЗС Чэхіі Яна Лісоўскага: «Бачу, набліжаецца мой летні адпачынак у Крыме».

Любоў Лунёва belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў